MAP

Айцец Франчэска Патон Айцец Франчэска Патон  (AFP or licensors)

Кустод Святой Зямлі: вайна – не фікцыя, а пакуты рэальных людзей

"Не ператварайце вайну ў фікцыю", - заклікае кустод Святой Зямлі айцец Франчэска Патон, прадстаўляючы сваю кнігу "Як паломніцтва. Мае дні на Святой Зямлі" з прадмовай Папы Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішканін выказаў глыбокую занепакоенасць тым, што людзі могуць прызвычаіцца да жахаў вайны, успрымаючы іх як частку медыйнай прасторы. Выступаючы падчас прэзентацыі сваёй кнігі ў Брэшыі, ён падкрэсліў, што рэальнасць вайны значна страшнейшая за любыя выявы на экранах.

Прорва нянавісці паміж тымі, хто ваюе

“Сутыкаючыся з драмай вайны, нам нельга станавіцца абыякавымі. Мы не павінны прызвычайвацца да яе выяў, бо рэальнасць вайны нашмат больш жахлівая за самыя страшныя відарысы”, - прыводзіць яго словы штотыднёвік “La Voce del Popolo”.

“Людзі атрымліваюць рэальныя і незваротныя калецтвы, а прорва, што ўзнікае паміж тымі, хто ваюе, – гэта прорва нянавісці і прагі помсты”, - падкрэсліў францішканін. Паводле яго слоў, для аднаўлення спатрэбяцца пакаленні, і гаворка ідзе не столькі пра матэрыяльную адбудову, колькі пра “аднаўленне чалавечнасці, жыцця і павагі да іншага, прызнанне годнасці іншага”.

Кніга айца Патона  "Як паломніцтва. Мае дні на Святой Зямлі" з прадмовай Папы Францішка
Кніга айца Патона "Як паломніцтва. Мае дні на Святой Зямлі" з прадмовай Папы Францішка

Прызнаць, што іншы таксама пакутуе

У такой сітуацыі, паводле айца Патона, “задача хрысціян – таксама падтрымліваць дыскурс пра магчымае прымірэнне”, а першым крокам на шляху да гэтага “павінна быць прызнанне таго, што іншы таксама пакутуе”.

Кустод Святой Зямлі таксама падкрэсліў важнасць прысутнасці хрысціян на гэтай зямлі: “Першы спосаб падтрымаць іх – гэта здзейсніць паломніцтва, бо калі прыязджаюць паломнікі, хрысціяне Святой Зямлі, якія складаюць там меншасць (усяго 2%), адчуваюць сябе часткай значна большай сям'і. Калі прыбываюць паломнікі, гэта таксама прыносіць канкрэтную карысць, бо большасць хрысціян, якія жывуць, напрыклад, у Бэтлееме, працуюць у сферы абслугоўвання пілігрымаў”.

Еўропе трэба зноў навучыцца сінтэзаваць культуры

Айцец Патон таксама выказаўся пра сітуацыю ў Еўропе, адзначыўшы, што яна “перажывае згортванне і дэмаграфічны, а таксама культурны заняпад”. Паводле яго слоў, Еўропа “губляе той выклік, які яна прыняла пасля дзвюх сусветных войнаў – выклік стаць сапраўды еўрапейцамі, а не проста належаць да маленькіх асобных частак”.

“Еўропа павінна зноў знайсці давер. Ствараецца занадта шмат блокаў, занадта шмат кантрольна-прапускных пунктаў, занадта шмат закрыцця, бо людзі баяцца. Еўропа не павінна баяцца рабіць тое, што яна ўжо рабіла многа стагоддзяў таму – сінтэзаваць культуры”, - заключыў айцец Патон.
 

28 лютага 2025, 11:09