MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Святой Зямлі плануюць адрадзіць старажытныя шляхі пілігрымаў

У старажытнасці існавалі шляхі да Святога Горада, якімі пілігрымы рознага веравызнання – юдэі, хрысціяне і мусульмане – ішлі ў Іерусалім. Навукоўцы вырашылі адрадзіць гэтыя шляхі, агульная адлегласць якіх складае 450 кіламетраў.

Ян Глінскі

Праект Шлях да Іерусаліма паўстаў дзякуючы сяброўству Яэль Тарасюк, спецыялісткі па міжканфесійным дыялогу і сацыяльнай інтэграцыі, і Голана Райса, эксперта ў галіне пілігрымак і знаўцы пілігрымкавых маршрутаў, у тым ліку, шляху святога Якуба ў Санцьяга-дэ-Кампастэла.

Ініцыятыву падтрымала ізраільскае міністэрства турызму, дзе падкрэслілі, што рэалізацыя праекта дазволіць нанава адкрыць старажытныя маршруты да Іерусаліма, якія некалі давалі пілігрымам унікальную магчымасць спалучыць духоўнасць, міжкультурны дыялог і асабісты досвед.

Стартавым пунктам трасы навукоўцы ў супрацоўніцтве з археолагамі вызначылі Галілею. На сёння можна прайсці апошні з чатырох адрэзкаў шляху: ад Яфы да Іерусаліма. Называецца ён Дарога цішыні, а працягласць яго складае 111 кіламетраў.

Навукоўцы таксама прадумалі так званую сетку гасціннасці для пілігрымаў. Для гэтага яны задзейнічалі жыхароў, якія жывуць уздоўж трасы. “Мы распавялі ім пра сваю мару. Сказалі, што пілігрымы будуць праходзіць міма, прасіць шклянку вады ці аб словах падтрымкі”, – распавяла Яэль Тарасюк.

Дзякуючы такой супрацы з лакальнымі супольнасцямі пілігрымы змогуць спыніцца пры парафіях і кляштарах. Многія жыхары гатовыя адкрыць дзверы і ўласных дамоў.

Францішканская кустодыя Святой Зямлі таксама актыўна падтрымлівае гэтую ініцыятыву, адкрываючы некаторыя свае структуры: парафію ў Рамле і цэнтр Casa Nova ў Эйн-Карэме. Тут можна не толькі паесці, але і перажыць каштоўныя моманты сустрэчы з мясцовай культурай і традыцыямі.

На думку Яэль Тарасюк, пераадоленне шляху – гэта “не толькі фізічны выклік, але таксама ўнутранае падарожжа”, а “цішыня становіцца каштоўным сябрам, які дазваляе пілігрыму засяродзіцца, нанава адкрыць сябе і запытацца, што ён шукае, ідучы ў Іерусалім”.
 

24 студзеня 2025, 06:40