Кардынал Паралін павіншаваў новага прэзідэнта Лівана
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін правёў тэлефонную размову з новаабраным прэзідэнтам Лівана Жазэфам Аунам, віншуючы яго з абраннем на пасаду.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У ходзе сардэчнай тэлефоннай размовы, пра якую Зала Друку паведаміла 14 студзеня 2025 года, кардынал Паралін ад імя Святога Пасада павіншаваў палітыка з абраннем на пасаду кіраўніка дзяржавы і запэўніў яго ў малітоўнай падтрымцы.
Падчас размовы дзяржсакратар таксама станоўча адзначыў прызначэнне Навафа Салама на пасаду прэм'ер-міністра краіны.
Ліван з'яўляецца адзінай краінай на Блізкім Усходзе, дзе пасада прэзідэнта традыцыйна належыць хрысціяніну-мараніту, што падкрэслівае ўнікальную ролю хрысціянскай супольнасці ў палітычным жыцці краіны.
14 студзеня 2025, 11:28