MAP

Сцягі ЕС перад штаб-кватэрай Еўракамісіі Сцягі ЕС перад штаб-кватэрай Еўракамісіі  (AFP or licensors)

Кардынал Олерыш крытыкуе кіраўніцтва ЕС за адсутнасць дыялогу

Арцыбіскуп Люксембуржкі Жан-Клод Олерыш выказаў занепакоенасць адсутнасцю дыялогу паміж кіраўніцтвам Еўрасаюза і прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас выступу ў катэдры нямецкага Ахена іерарх, які з'яўляецца віцэ-старшынёй Рады біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці, выказаў крытыку ў адрас старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен. "Часы істотна змяніліся, і гэта бачна па тым, што кіраўнік Еўракамісіі не жадае прымаць біскупаў", - падкрэсліў кардынал.

Касцёл не можа проста маўчаць і прыстасоўвацца да сучасных тэндэнцый, бо ўзнікае ўсё больш спрэчных пытанняў. Калі, напрыклад, на ўзроўні ЕС прасоўваецца ідэя аб абортах як фундаментальным праве чалавека, гэта супярэчыць касцельнаму вучэнню і не пакідае месца для свабоды сумлення, - патлумачыў кардынал Олерыш.

Ён таксама закрануў тэму крызісу веры ў Еўропе, адзначыўшы, што гэта больш глыбокая праблема, чым структурны крызіс Касцёла. "Мы павінны не глядзець у мінулае, а заставацца скіраванымі ў будучыню", - падкрэсліў арцыбіскуп Люксембуржкі, дадаўшы, што іерархія ў Касцёле не абавязкова павінна быць пірамідальнай.

Ён таксама выказаўся наконт нямецкай ініцыятывы Сінадальны шлях, заклікаўшы не дэманізаваць гэты працэс, але і не разглядаць яго як рашэнне ўсіх праблем.
 

16 студзеня 2025, 10:06