MAP

Патрыярх Барталамей І Патрыярх Барталамей І  (ANSA)

Барталамей I выступіў у Страсбургу з заклікам да міру

Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I выступіў 28 студзеня 2025 года перад Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы з заклікам да міру і адзінства ў свеце, які становіцца ўсё больш палярызаваным.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Духоўны лідар праваслаўных хрысціян падкрэсліў неабходнасць сумеснай працы палітычных і рэлігійных дзеячаў на карысць лепшай будучыні і свету, “у якім канфлікты і войны не з'яўляюцца спосабам вырашэння спрэчак і падзелаў; дзе паважаюцца ўсе рэлігіі і этнічныя групы без розніцы; дзе дастаткова любові як роднай мовы ўсяго чалавецтва; і дзе ахоўваецца прырода”.

Барталамей I нагадаў, што як грамадскія істоты, людзі павінны дзяліцца рэсурсамі планеты і нясуць адказнасць адзін перад адным. Паводле грэчаскага інтэрнэт-часопіса Protothema, ён таксама выказаў занепакоенасць лёсам хрысціянства на Блізкім Усходзе.

У адказ на пытанні еўрапейскіх парламентарыяў пра ваенны канфлікт ва Украіне Патрыярх выказаў глыбокую занепакоенасць лёсам украінскага народа, які, паводле яго слоў, "працягвае змагацца за сваю незалежнасць і права на свабоду веравызнання".
Важнай часткай выступу стала абвяшчэнне сумеснага візіту з Папам Францішкам у Ізнік (былая Нікея) у маі 2025 года. Гэта падзея прымеркавана да 1700-годдзя Нікейскага Сабора і з'яўляецца сведчаннем імкнення да экуменічнага дыялогу паміж Усходняй і Заходняй Цэрквамі.

Нікейскі Сімвал веры – “доказ нашай агульнай тэалагічнай спадчыны", - падкрэсліў Барталамей I, заклікаючы да ўзмацнення намаганняў па аднаўленні поўнага адзінства паміж хрысціянамі Усходу і Захаду.
 

29 студзеня 2025, 10:48