MAP

Электрагенератары для Украіны Электрагенератары для Украіны 

Поспех ватыканскай акцыі па збору сродкаў для Украіны

Ужо каля 220 тысяч еўра на дапамогу Украіне сабралі дзякуючы ватыканскай ініцыятыве ў інтэрнэце. Сродкі накіраваны на набыццё тэрмаадзення і электрагенератараў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Акцыя праходзіць пад назвай Цяпло салідарнасці, а яе арганізатарам з’яўляецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якую ўзначальвае кардынал Конрад Краеўскі.

Першая ватыканская краўдфандынгавая кампанія праводзіцца на платформе . Першапачаткова планавалася сабраць 100 тысяч еўра за тры месяцы, але шчодрасць ахвярадаўцаў прывяла да таго, што сума была дасягнута ўсяго за пяць дзён і падвоілася за наступныя пяць – у Божае Нараджэнне было сабрана 200 тысяч еўра.

Паколькі надзвычайная сітуацыя з халодным надвор'ем працягваецца і дабрачыннасць можа дапамагчы прынесці палёгку, збор сродкаў працягнецца да 8 студзеня 2023 года.

Першы транспарт з тэрмаадзеннем і электрагенератарамі ўжо прыбыў у ахопленую вайной краіну. “У гэты цяжкі час дапамога сапраўды ратуе жыцці тысяч украінцаў”, - адзначыў кардынал Краеўскі.

“Ініцыятыва нарадзілася цалкам натуральным чынам, калі мне нехта сказаў, што ва Украіне вельмі патрэбная не проста цёплая вопратка, але і тэрмавопратка. Бо калі ідзе бамбёжка і людзі ўцякаюць, яны не могуць нічога з сабой узяць, але прынамсі ёсць магчымасць апрануць тэрмавопратку, каб сагрэцца. Тады супрацоўнікі Святога Пасада прапанавалі агульны збор сродкаў на анлайн-платформе. Я не пачуваўся занадта добра ў гэтым, але была ўпэўненасць у станоўчым натхненні. (...) Ніхто з нас не чакаў, што праз некалькі дзён названая сума будзе перавышана. (...) Паколькі Ватыканскае радыё пераклала маю просьбу на розныя мовы, у акцыі прынялі ўдзел людзі з усяго свету”, - адзначыў іерарх.

Ён лічыць цікавым факт адсутнасці вялікіх пераводаў. “Ёсць дэпазіты 30, 15, 20 еўра. З такіх невялікіх ахвяраванняў утварылася велізарная сума, на якую мы можам набыць дзясяткі тысяч футболак – адна каштуе каля 30 еўра, але на фабрыцы мы плацім 5 еўра, бо ўладальнікі ведаюць для каго яны”, - распавёў кардынал Краеўскі ў інтэрв’ю Vatican News.
 

27 снежня 2022, 13:27