MAP

Святы Айцец: сведчыць пра адзінства ў падзеленым свеце

3 верасня 2025 года ў Ватыкане завяршылася пленарная сесія Сумеснай рабочай групы Каталіцкага Касцёла і Сусветнай рады Цэркваў. Удзельнікаў нарады прыняў Папа Леў XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча стала магчымасцю для абмену вопытам, паглыблення адносін і абмеркавання новых прыярытэтаў, расказаў ватыканскім СМІ арцыбіскуп Флавіа Пачэ, сакратар Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству.

Іерарх адзначыў, што першая частка пасяджэння была прысвечана знаёмству прадстаўнікоў Сусветнай рады Цэркваў з дзейнасцю некаторых структур Рымскай курыі: Дзяржаўнага сакратарыяту, Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Дыкастэрыі па евангелізацыі, Дыкастэрыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, а таксама Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

Пра актуальныя выклікі ў сферы экуменізму расказаў кардынал Курт Кох, старшыня Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Тэма міжхрысціянскіх адносін закраналася і падчас сустрэч з прадстаўнікамі розных экуменічных устаноў і рухаў, прысутных у Рыме.

Арцыбіскуп Пачэ адзначыў, што Сумесная рабочая група складаецца з трох падкамісій, якія працуюць над шэрагам тэм, што стануць прадметам дакумента, апублікаванага па заканчэнні яе мандата. Праца групы разлічана да 2030 года, пасля чаго яна прадставіць свае высновы як Каталіцкаму Касцёлу, так і Сусветнай радзе Цэркваў, - патлумачыў ватыканскі іерарх.

Кульмінацыйным момантам рымскай сустрэчы стала аўдыенцыя ў Святога Айца, які ўдзяліў час кожнаму з гасцей і звярнуўся да іх са сваім пастырскім словам. Сумесная праца Каталіцкага Касцёла і Сусветнай рады Цэркваў павінна працягвацца, асабліва таму, што заклік да адзінства ў эпоху, калі свет так падзелены, з’яўляецца неадкладным выклікам, сказаў сваім гасцям Папа. Леў XIV адзначыў важнасць сумеснага сведчання адзінства паміж хрысціянамі і прапанаваў завяршыць сустрэчу сумеснай малітвай, падзяліўся арцыбіскуп Флавіа Пачэ.
 

04 верасня 2025, 09:57