Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэзідэнта Ізраіля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
4 верасня Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Іцхака Герцага. Пасля гэтага палітык сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
“Падчас сардэчных размоў са Святым Айцом і ў Дзяржаўным Сакратарыяце закраналася палітычная і сацыяльная сітуацыя на Блізкім Усходзе, дзе працягваюцца шматлікія канфлікты, з асаблівай увагай да трагічнага становішча ў Газе. Было выказана пажаданне хуткага аднаўлення перамоў, каб дзякуючы адкрытасці і мужным рашэнням, а таксама з падтрымкай міжнароднай супольнасці, можна было дамагчыся вызвалення ўсіх заложнікаў, тэрмінова дасягнуць пастаяннага спынення агню, забяспечыць бяспечны доступ гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя рэгіёны і гарантаваць поўную павагу гуманітарнага права, а таксама законныя памкненні абодвух народаў. Гаворка ішла пра тое, як забяспечыць будучыню палесцінскаму народу, а таксама мір і стабільнасць у рэгіёне, пры гэтым Святы Пасад паўтарыў, што рашэнне пра існаванне дзвюх дзяржаў з’яўляецца адзіным шляхам выхаду з цяперашняй вайны. Таксама згадваліся падзеі на Заходнім беразе ракі Ярдан і важнае пытанне горада Іерусаліма”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
У ходзе размоў было падкрэслена “гістарычнае значэнне адносін паміж Святым Пасадам і Ізраілем, а таксама закрануты некаторыя пытанні, што датычацца адносін паміж дзяржаўнымі ўладамі і мясцовым Касцёлам”. Асаблівая ўвага звярталася на “важнасць хрысціянскіх супольнасцяў і іх дзейнасці “in loco” і на ўсім Блізкім Усходзе на карысць чалавечага і сацыяльнага развіцця, асабліва ў сферах адукацыі, умацавання грамадскай згоды і стабільнасці рэгіёну”.