MAP

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Пантыфік: даверым заступніцтву святых нашу малітву за мір

Перад малітвай “Анёл Панскі”, якой завяршылася святая Імша з нагоды кананізацыі П’ера Джорджа Фрасаці і Карла Акуціса, 7 верасня 2025 года, Пантыфік скіраваў заклік да міру і адзначыў сведчанне двух новых благаслаўлёных.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Давайце даверым заступніцтву святых і Панны Марыі нашы няспынныя малітвы за мір, асабліва ў Святой Зямлі і ва Украіне, а таксама ва ўсіх іншых краінах, скрываўленых вайной. Зноў паўтараю кіраўнікам дзяржаў: прыслухайцеся да голасу сумлення! Уяўныя перамогі, дасягнутыя з дапамогай зброі, якія сеюць смерць і разбурэнні, насамрэч з’яўляюцца паражэннем і ніколі не прынясуць міру і бяспекі. Бог не хоча вайны, Бог хоча міру, і Бог падтрымлівае тых, хто намагаецца выйсці са спіралі нянавісці і ісці шляхам дыялогу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў таксама, што 6 верасня 2025 года Касцёл узбагаціўся двума новымі благаслаўлёнымі. Ён адзначыў, што ў Таліне, сталіцы Эстоніі, быў беатыфікаваны арцыбіскуп Эдуард Профітліх, езуіт, замучаны ў 1942 годзе падчас пераследу Касцёла савецкім рэжымам, а ў венгерскім горадзе Веспрэм – Марыя Магдалена Бодзі, свецкая верніца, забітая ў 1945 годзе за тое, што аказала супраціў салдатам, якія хацелі яе згвалціць. “Давайце праславім Бога за гэтых двух мучанікаў, мужных сведкаў прыгажосці Евангелля!”, - заахвоціў вернікаў Леў XIV.
 

07 верасня 2025, 12:44