Леў XIV: пасярод трывог слухаць пасланне надзеі Божага стварэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV прывітаў арганізатараў і ўдзельнікаў міждысцыплінарнага форума, які праходзіць 10-12 верасня 2025 года ў Папскім інстытуце “Regina Apostolorum” у Рыме на тэму “Мовы Божага стварэння. Навуковая, філасофская і тэалагічная герменэўтыка “Кнігі прыроды” як шлях надзеі”.
Пантыфік працытаваў трактат “De Genesi ad litteram” святога Аўгустына, выказаўшы пажаданне, каб форум дапамог яго ўдзельнікам “шукаць шляхі, якія дазволяць чалавеку ўзвысіцца над усім, што можа быць вымерана, падлічана і ўзважана, каб сузіраць Меру без меры, Лічбу без ліку, Вагу без вагі”.
“Такім чынам, нават не “прамовіўшы ніводнага слова”, Божае стварэнне будзе праслаўляць свайго Стварыцеля, а чалавек зможа слухаць яго пасланне надзеі не толькі ў ззянні светлых дзён свайго жыцця, але і ў начах трывогі і выпрабаванняў, уласцівых чалавечаму стану”, - гаворыцца ў папскім пасланні, скіраваным за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.