MAP

Людзі на месцы знішчанай апоўзнем суданскай вёскі Тарасін Людзі на месцы знішчанай апоўзнем суданскай вёскі Тарасін  (AFP or licensors)

Святы Айцец скіраваў тэлеграму спачування ў Судан

Леў XIV выказаў спачуванні ў сувязі з жахлівай трагедыяй у Заходнім Дарфуры, дзе апоўзень забраў жыцці больш за 1000 чалавек, амаль цалкам знішчыўшы вёску ў гарах Мара.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец скіраваў тэлеграму спачування мясцоваму біскупу Эль-Абейда Юнану Томбэ Трыле Куку Андалі ў сувязі з маштабнай катастрофай у суданскім рэгіёне Заходні Дарфур.

Маштабы трагедыі ўражваюць – загінула практычна ўсё насельніцтва населенага пункта Тарасін, што робіць гэтую катастрофу адной з найбольш смяротных у рэгіёне за апошнія гады.

У тэлеграме, падпісанай кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам, Леў XIV запэўніў усіх пацярпелых у сваёй духоўнай блізкасці. Асаблівым чынам ён моліцца аб вечным спачыне для памерлых, суцяшэнні для тых, хто аплаквае іх страту, а таксама аб выратаванні людзей, якія дагэтуль лічацца зніклымі без вестак.

Святы Айцец таксама выказаў словы падтрымкі грамадзянскім уладам і аварыйна-выратавальным службам, якія працягваюць аказваць дапамогу ў зоне бедства.

Варта адзначыць, што Дарфур ужо доўгі час з'яўляецца рэгіёнам, які пакутуе ад узброеных канфліктаў і гуманітарных крызісаў, а цяпер сутыкнуўся і з разбуральнымі наступствамі прыроднай катастрофы.
 

02 верасня 2025, 14:26