MAP

Леў XIV падчас Імшы Леў XIV падчас Імшы 

Леў XIV узначаліць юбілейныя цэлебрацыі ў кастрычніку

Бюро Літургічных цэлебрацый апублікавала 1 верасня 2025 года каляндар урачыстасцей з удзелам Папы на кастрычнік 2025 года, які ўключыў юбілейныя цэлебрацыі і абрад кананізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кастрычнік 2025 года абяцае быць насычаным важнымі падзеямі ў Ватыкане. Паводле апублікаванага календара, Леў XIV узначаліць сем урачыстых літургічных цэлебрацый, прысвечаных розным юбілейным падзеям, і кананізацыю благаслаўлёных.

Пачнецца месяц з урачыстай Імшы 5 кастрычніка на Плошчы Святога Пятра. У XXVII Звычайную нядзелю ў 10.30 Пантыфік будзе цэлебраваць літургію ў рамках Юбілею Місіянераў і Юбілею Мігрантаў.

Праз некалькі дзён, 9 кастрычніка, таксама на ватыканскай плошчы, з удзелам Льва XIV адбудзецца Імша з нагоды Юбілею Кансэкраванага Жыцця. А 12 кастрычніка, у XXVIII Звычайную нядзелю, вернікі збяруцца там жа, каб разам з Папам адзначыць Юбілей Марыйнай Духоўнасці.

Кульмінацыяй месяца стане Імша 19 кастрычніка на Плошчы Святога Пятра, падчас якой Леў XIV здзейсніць кананізацыю сямі благаслаўлёных: Ігнацыя Шукралаха Малаяна, Пітэра То Рота, Вінчэнцы Марыі Палоні, Марыі дэль Монтэ Кармэла Рэндылес Марцінэс, Марыі Транкаці, Хасэ Грэгорыа Эрнандэса Сіснэраса і Бартала Лонга.

Завершыцца другі восеньскі месяц дзвюма Імшамі ў Базіліцы Святога Пятра. 26 кастрычніка, у XXX Звычайную нядзелю, у 10.00 пройдзе літургія ў рамках Юбілею Сінадальных Каманд, а 27 кастрычніка ў 17.30 Святы Айцец сустрэнецца на Эўхарыстыі са студэнтамі папскіх універсітэтаў.

Каляндар падпісаў арцыбіскуп Дыега Равэлі, Майстар папскіх літургічных цэлебрацый.
 

01 верасня 2025, 12:09