MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўшануе памяць мучанікаў і сведак веры ХХІ стагоддзя

14 верасня 2025 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Папа Леў XIV узначаліць экуменічнае ўшанаванне памяці мучанікаў і сведак веры XXІ стагоддзя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Набажэнства з удзелам прадстаўнікоў іншых Цэркваў і рэлігійных супольнасцей адбудзецца ў рымскай Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі. Рускую Праваслаўную Царкву на ім прадставіць архіепіскап Валакаламскі Антоній, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.

Прэзентацыя падзеі прайшла 8 верасня 2025 года ў Ватыкане. У ёй браў удзел арцыбіскуп Фабіа Фабэнэ, сакратар Дыкастэрыі па справах кананізацыі і старшыня Камісіі па справах навамучанікаў. З 2023 года гэта структура збірае інфармацыю пра хрысціян, якія аддалі жыццё за веру у перыяд з пачатку 2000 года.

“Людзі, якія не маглі адмовіцца ад наследавання Хрыста нават перад пагрозай смерці, былі ва ўсе эпохі, але цяпер іх можа быць як ніколі шмат”, - падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп Фабэнэ.

Іерарх заўважыў, што ўшанаванне памяці мучанікаў і сведак веры ХХІ стагоддзя стане “адзінай экуменічнай цэлебрацыяй у Рыме на працягу ўсяго Юбілейнага года”. Ён звярнуў увагу на сімвалічнасць даты правядзення набажэнства, нагадваючы, што 14 верасня свята Узвышэння Святога Крыжа будзе адзначацца рознымі хрысціянскімі канфесіямі. Той факт, што яна супала з днём нараджэння Льва XIV арцыбіскуп Фабэнэ назваў “шчаслівым супадзеннем”.

Віцэ-старшыня Камісіі па справах навамучанікаў Андрэа Рыкардзі ў сваю чаргу расказаў, што на цяперашні час спіс мучанікаў і сведак веры ХХІ стагоддзя складаецца з 1624 чалавек. Інфармацыя пра іх была атрымана, дзякуючы паведамленням нунцыятур, епіскапатаў, дыяцэзій, касцельных асацыяцый і рухаў, манаскіх супольнасцей. Камісія разглядае і правярае таксама паведамленні, якія з’яўляюцца ў СМІ. Рыкардзі падкрэсліў, што структура працягне сваю працу, каб не згубілася імя ніводнага чалавека, які аддаў жыццё за веру.

Геаграфія мучаніцтваў даволі шырокая. 304 у Амерыцы і 42 у Еўропе, але аж 110 еўрапейцаў былі забіты падчас місій на іншых кантынентах. На Блізкім Усходзе, уключаючы Магрыб, за веру загінулі 277 чалавек, што з’яўляецца вынікаў дзесяцігоддзяў пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе і ў Іраку. Рыкардзі заўважыў, што гаворка ідзе не толькі пра католікаў, але таксама пра пратэстантаў і праваслаўных. У Азіі і Акіяніі загінулі 357 чалавек. Але самым небяспечным кантынентам з’яўляецца Афрыка – у ХХІ стагоддзі там аддалі жыццё 653 хрысціяніна, пераважна ў выніку нападаў джыхадзістаў.
 

08 верасня 2025, 14:05