Папа: святыя Фрасаці і Акуціс заклікаюць нас не змарнаваць жыццё
Аляксандр Панчанка - Vatican News
7 верасня 2025 года Папа Леў XIV узначаліў Імшу, падчас якой П’ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс былі ўрачыста абвешчаныя святымі. Літургію з удзелам некалькіх сотняў тысяч вернікаў, што запоўнілі Плошчу Святога Пятра, канцэлебравалі кардынал Рабэрта Рэполе, арцыбіскуп Турына, і арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна, біскуп Асізі, якія прыбылі з родных гарадоў новых святых. На цэлебрацыі прысутнічала афіцыйная дэлегацыя італьянскіх уладаў, якую ўзначаліў прэзідэнт Сэрджа Матарэла.
“Што мушу рабіць, каб нічога не згубілася?”
У пачатку гаміліі Папа спаслаўся на пытанне з кнігі Мудрасці Саламона, якое прачытаў падчас Імшы Мікеле Акуціс, брат Карла. Гэта пытанне задаў юнак, як і два новыя святыя – кароль Саламон: “Хто б спазнаў Твой намер, калі б Ты не даў мудрасці і не спаслаў Святога Духа звыш?”.
Пантыфік нагадаў, што пасля смерці Давіда, свайго бацькі, Саламон меў амаль усё: уладу, багацце, здароўе, маладосць, прыгажосць, валадарства. Але менавіта гэты дастатак выклікаў у ім пытанне: “Што мушу рабіць, каб нічога не згубілася?”. І так ён зразумеў, што трэба прасіць аб яшчэ большым дары – Божай мудрасці, неабходнай, каб распазнаваць і спаўняць Яго задумы.
“Ён усвядоміў, насамрэч, што толькі так зможа знайсці сваё месца ў вялікай задуме Пана. Так, бо самая вялікая рызыка ў жыцці – гэта змарнаваць яго па-за задумай Бога”, - падкрэсліў Папа.
Кінуцца без ваганняў у прыгоду, якую прапануе нам Езус
Леў XIV заўважыў, што пра гэта кажа таксама Езус, калі папярэджвае: “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” і “Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем”. “Ён заклікае нас кінуцца без ваганняў у прыгоду, якую прапануе нам, з розумам і мужнасцю, што прыходзяць ад Яго Духа і якія мы можам прыняць настолькі, наколькі вызваляем сябе ад рэчаў і ідэй, да якіх прывязаныя, каб прыслухоўвацца да Яго слова”, - сказаў Папа.
Пантыфік прапанаваў згадаць таксама святога Францішка Асізскага: як Саламон, ён таксама быў маладым і багатым, спрагненным славы і вядомасці. Але сустрэча з Езусам прымусіла яго задумацца над уласным жыццём і задаць Богу простае пытанне: “Пане, што Ты хочаш, каб я рабіў?”.
Пасля гэтага Францішак “пачаў пісаць іншую гісторыю: цудоўную гісторыю святасці, якую ўсе мы ведаем, вызваляючыся ад усяго, каб ісці за Панам, жывучы ў беднасці і аддаючы перавагу не золату, серабру і каштоўным тканінам свайго бацькі, а любові да братоў, асабліва найслабейшых і найменшых”, - сказаў Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што часта мы ўяўляем святых вялікімі постацямі, але забываем, што “для іх усё пачалося тады, калі яны, яшчэ маладыя, адказалі “так” Богу і аддалі сябе Яму цалкам, нічога не пакінуўшы для сябе”. Гэты досвед перажыў і святы Аўгустын, які адказаў на голас Бога, якога чуў ў глыбіні душы і які даў яму “новы напрамак, новую дарогу, новую логіку, у якой нішто з яго існавання не было страчана”.
Закаханыя ў Езуса і гатовыя адмовіцца ад усяго дзеля Яго
Леў XIV заўважыў, што новыя святыя былі “закаханыя ў Езуса і гатовыя адмовіцца ад усяго дзеля Яго”. П’ер Джорджа сустрэў Пана праз школу і касцельныя групы і “сведчыў пра Яго сваёй радасцю жыцця і быцця хрысціянінам у малітве, сяброўстве і любові” да такой ступені, што, убачыўшы яго на вуліцах Турына з каляскай, напоўненай дапамогай для бедных, сябры назвалі яго “Транспартная кампанія Фрасаці”.
“І сёння жыццё П’ера Джорджа з’яўляецца святлом для свецкай духоўнасці. Для яго вера не была прыватнай пабожнасцю: натхнёны сілай Евангелля і прыналежнасцю да касцельных асацыяцый, ён велікадушна ўдзельнічаў у жыцці грамадства, унёс свой уклад у палітыку, цалкам аддаваў сябе служэнню бедным”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што Карла Акуціс сустрэў Езуса ў сям’і, затым у школе і асабліва ў сакрамэнтах. “Ён рос, натуральна спалучаючы ў сваім дзіцячым і юнацкім жыцці малітву, спорт, вучобу і міласэрнасць”, - дадаў Пантыфік.
Простыя сродкі, якія ўмацоўваюць любоў да Бога
“П’ер Джорджа і Карла ўмацоўвалі любоў да Бога і братоў праз простыя сродкі, даступныя для ўсіх: штодзённую святую Імшу, малітву, асабліва эўхарыстычную адарацыю. Карла казаў: “Перад сонцам чалавек загарае. Перад Эўхарыстыяй – становіцца святым!”, і яшчэ: “Сум – гэта позірк, накіраваны на сябе; шчасце – гэта позірк, накіраваны на Бога. Навяртанне – гэта не што іншае, як перавесці позірк знізу ўверх, дастаткова простага руху вачэй”, - нагадаў Папа.
Яшчэ адным істотным элементам для іх была частая споведзь. Карла пісаў: “Адзінае, чаго мы павінны сапраўды баяцца, гэта граху”. Ён таксама дзівіўся, што “людзі так турбуюцца пра прыгажосць свайго цела і не дбаюць пра прыгажосць сваёй душы”, - дадаў Пантыфік.
Абодва мелі вялікую пашану да святых і да Панны Марыі і шчодра практыкавалі міласэрнасць. П’ер Джорджа казаў: “Сярод бедных і хворых я бачу святло, якога ў нас няма”. Ён называў міласэрнасць “фундаментам нашай рэлігіі” і, як Карла, практыкаваў яе пераважна праз малыя канкрэтныя жэсты, часта схаваныя, жывучы тым, што Папа Францішак назваў “святасцю па суседству”, - сцвердзіў Леў XIV.
Неба чакае нас заўсёды
Пантыфік падкрэсліў, што нават хвароба не перашкодзіла новым святым любіць, прыносіць сябе ў дар Богу, славіць Яго і маліцца за сябе і за ўсіх. “Аднойчы П’ер Джорджа сказаў: “Дзень смерці будзе самым прыгожым днём майго жыцця”; а на апошнім фотаздымку, дзе ён уздымаўся на гару Вал-дзі-Ланца, з тварам, скіраваным да мэты, ён напісаў: “Угару”. Карла, яшчэ маладзейшы, любіў казаць, што Неба чакае нас заўсёды, і што любіць заўтра – значыць ужо сёння даваць найлепшае”, - нагадаў Папа.
Не змарнаваць жыццё, а зрабіць з яго шэдэўр
На заканчэнне гаміліі Леў XIV адзначыў: “Святыя П’ер Джорджа Фрасаці і Карла Акуціс – гэта заклік, скіраваны да нас усіх, асабліва да маладых: не марнаваць жыццё, але накіраваць яго ўгару і зрабіць з яго шэдэўр”.
“Яны падбадзёрваюць нас сваімі словамі: “Не я, але Бог”, – казаў Карла. А П’ер Джорджа: “Калі Бог будзе цэнтрам кожнага твайго дзеяння, тады ты дойдзеш да канца”. Гэта простая, але пераможная формула іх святасці. І гэта таксама сведчанне, якому мы пакліканыя следаваць, каб пражыць жыццё да канца і ісці насустрач Пану на свяце Неба”, - сказаў Святы Айцец.