MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец рэарганізаваў дыяцэзіі ў Кітаі

Леў XIV ліквідаваў дзве кітайскія дыяцэзіі Сюаньхуа і Сіваньцзы і стварыў новую дыяцэзію Чжанцзякоу, першым біскупам якой стаў Джозэф Ван Чжэнгуй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне аб рэарганізацыі касцельных структур у Кантынентальным Кітаі было прынята Святым Айцом 8 ліпеня 2025 года з мэтай паляпшэння душпастырскай апекі над вернікамі. Абедзве ліквідаваныя дыяцэзіі былі заснаваны 11 красавіка 1946 года Папам Піем XII. Новая дыяцэзія Чжанцзякоу стала суфраганнай архідыяцэзіі Пекіна з катэдрай у горадзе Чжанцзякоу.

85 тысяч католікаў

Тэрыторыя новай дыяцэзіі адпавядае межам горада Чжанцзякоу і ахоплівае плошчу 36 357 квадратных кіламетраў з агульным насельніцтвам 4 032 600 чалавек. Сярод іх налічваецца каля 85 тысяч католікаў, якім служаць 89 святароў. У склад дыяцэзіі ўвайшлі раёны Сюаньхуа, Цяодун, Сяхуаюань, Чунлі, Цяосі, Ваньцюань, а таксама паветы Чычэн, Хоўайлай, Чжолу, Вэйсянь, Янюань, Хоўайань, Шан’і, Чжанбэй, Гуюань і Канбао.

Першы біскуп новай дыяцэзіі

Сёння, 10 верасня 2025 года, адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Джозэфа Вана Чжэнгуя, якога Папа прызначыў Біскупам Чжанцзякоу. Яго кандыдатура была зацверджана ў рамках Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Новы біскуп нарадзіўся 19 лістапада 1962 года. З 1984 па 1988 год вучыўся ў семінарыі Хэбэй. Пасля двух гадоў душпастарскай практыкі ў парафіі Цуцзячжуан стаў святаром 24 мая 1990 года для дыяцэзіі Сяньсянь. У 1991 годзе стаў пробашчам той жа парафіі, а пазней выконваў сваё служэнне ў дыяцэзіі Сюаньхуа.
 

10 верасня 2025, 12:12