MAP

2025.09.02 poster in bielorusso

Святы Айцец заклікае да адказнасці за супольны дом

"Папскае малітоўнае відэа" верасня прысвечана экалагічнай тэме. Леў XIV прапануе маліцца "За нашы адносіны з усім стварэннем" у кантэксце экуменічнага "Часу Стварэння".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 2 верасня 2025 года, апублікавана новае відэа з удзелам Папы на верасень, у якім ён агучвае сваю малітоўную інтэнцыю: "Молімся аб тым, каб, натхнёныя святым Францішкам, мы маглі адчуць сваю сузалежнасць з усімі стварэннямі, узлюбленымі Богам і годнымі любові і павагі".

Малітоўная інтэнцыя Льва XIV на верасень уключаецца ў кантэкст “Часу Стварэння”, экуменічнага перыяду з 1 верасня па 4 кастрычніка (свята святога Францішка Асізскага), які аб'ядноўвае хрысціян розных канфесій у малітве і дзеяннях на карысць Зямлі.

У малітве, якую Пантыфік чытае ў відэа, ён просіць Пана: "Дапамажы нам адкрыць Тваю прысутнасць ва ўсім стварэнні, каб мы маглі адчуць і ведаць, што адказваем за гэты супольны дом, у якім Ты заклікаеш нас берагчы, паважаць і абараняць жыццё".

Пераемнасць паміж вучэннем Льва XIV і Францішка, аўтара энцыклікі "Laudato Si'" (2015), асабліва відавочная ў спасылцы на святога Францішка: "Як святы Францішак Асізскі, сёння мы таксама хочам сказаць: Laudato si', о мой Пане!"

Відэа падкрэслівае асаблівы момант, у які праходзіць “Час Стварэння” 2025 года, што аб'ядноўвае два юбілеі: 800-годдзе “Гімна стварэнню” святога Францішка Асізскага і 10-годдзе энцыклікі "Laudato si'" Папы Францішка.

У сваім пасланні "Насенне міру і надзеі" на X Сусветны дзень малітвы за клопат пра стварэнне Папа Леў XIV сцвярджае, што знішчэнне прыроды, вынік чалавечага граху, уплывае перш за ўсё на самых бедных і ўразлівых. Экалагічная справядлівасць, піша Папа, "уяўляе сабой неадкладную неабходнасць, якая выходзіць за рамкі простай аховы навакольнага асяроддзя; гэта, па сутнасці, пытанне сацыяльнай, эканамічнай і антрапалагічнай справядлівасці".
 

02 верасня 2025, 16:00