Анёл Панскі: крыж перамяняе смерць у жыццё
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім разважанні Святы Айцец нагадаў гісторыю свята Узвышэння Святога Крыжа, якое адзначаецца 14 верасня 2025 года. Ён узгадаў пра знаходжанне дрэва Крыжа святой Аленай у Іерусаліме ў IV стагоддзі і вяртанне гэтай каштоўнай рэліквіі ў Святы горад імператарам Іракліем.
Божая любоў мацнейшая за нашы грахі
"Бог нас збавіў, паказаўшы сябе нам, прапануючы сябе як нашага спадарожніка, настаўніка, лекара, сябра, ажно да таго, каб стаць для нас паламаным Хлебам у Эўхарыстыі", - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец растлумачыў, што для здзяйснення справы збаўлення Бог выкарыстаў адзін з самых жорсткіх інструментаў смерці, якія калі-небудзь вынаходзіў чалавек – крыж. "Менавіта таму сёння мы ўзвышаем яго: дзякуючы бязмежнай любові, з якой Бог, абдымаючы крыж дзеля нашага збаўлення, ператварыў яго з прылады смерці ў інструмент жыцця", - адзначыў Папа.
Нішто не можа аддзяліць нас ад Божай любові
Святы Айцец звярнуўся да Евангелля паводле Яна, дзе апісваецца сустрэча Езуса з Нікадэмам. Адказваючы на пытанні юдэйскага настаўніка, Хрыстус адкрывае яму, што "Сын Чалавечы павінен быць узвышаны, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае".
Леў XIV нагадаў таксама біблейскую гісторыю пра меднага змея, якога Майсей паставіў на шэст у пустыні, каб ізраільцяне, укушаныя ядавітымі змеямі, маглі ацаліцца, глянуўшы на яго. Гэты вобраз, паводле слоў Святога Айца, прадказваў збаўленне, якое Бог прынёс свету праз крыж Хрыста.
"Божая міласэрнасць большая за наш грэх", - падкрэсліў Папа, спасылаючыся на катэхезу свайго папярэдніка ад 30 сакавіка 2016 года.
На заканчэнне Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць заступніцтва Марыі, Маці, якая прысутнічала на Кальварыі побач са сваім Сынам, каб і ў нас умацавалася і расла Яго збаўчая любоў, і каб мы таксама маглі дарыць сябе адзін аднаму, як Ён аддаў сябе за ўсіх.