Тры вымярэнні міласэрнасці паводле Папы Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
1 верасня 2025 года Папа сустрэўся з прадстаўнікамі "Справы святога Францішка на карысць бедных" – арганізацыі, якая амаль 70 гадоў займаецца дапамогай тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, згодна з хрысціянскай і францішканскай традыцыяй.
Францішкан казаў: калі бачыш беднага, перад табой люстэрка Пана і Яго беднай Маці
У сваёй прамове Святы Айцец узгадаў заснавальніка арганізацыі — манаха-капуцына Чэчыліа Марыю Карціновіса і яго сябра доктара Эміліа Грыньяні, якія пачалі гэтую справу ў Мілане. "Мы сёння ўспамінаем гісторыю міласэрнасці, якая, нарадзіўшыся з веры аднаго чалавека, расквітнела і дала жыццё вялікай супольнасці, якая спрыяе міру і справядлівасці", - адзначыў Папа.
Леў XIV падкрэсліў, што ў статуце "Справы святога Францішка на карысць бедных" вылучаюцца тры вымярэнні працы, якія з'яўляюцца дадатковымі і фундаментальнымі аспектамі міласэрнасці: дапамагаць, прымаць і садзейнічаць развіццю.
"Дапамагаць азначае быць прысутным для патрэб бліжняга. І ў гэтым плане ўражвае колькасць і разнастайнасць служэння, якое вы на працягу гадоў змаглі арганізаваць і прапанаваць тым, хто звяртаецца да вас: ад сталовых да гардэроба, ад душавых да амбулаторый, ад псіхалагічнай падтрымкі да кансультацый па працаўладкаванні", - сказаў Папа.
Прымаць – значыць рабіць месца для іншага ў сваім сэрцы і жыцці
Другі аспект – прымаць – азначае рабіць месца для іншага ў сваім сэрцы, у сваім жыцці, ахвяруючы час, слухаючы, падтрымліваючы, молячыся. "Гэта ўменне глядзець у вочы, паціскаць руку, нахіляцца – тое, што так дарагое было Папу Францішку", - адзначыў Леў XIV.
Трэці аспект – садзейнічаць развіццю. Тут, падкрэсліў Папа, уключаюцца бескарыслівасць дару і павага да годнасці асобы, дзякуючы чаму мы клапоцімся пра таго, каго сустракаем, проста дзеля яго дабра, каб ён мог развіць усе свае магчымасці і ісці сваім шляхам, не чакаючы ўзаемнасці і не ставячы ўмоў.
"Вось, дарагія, задача, якую Касцёл даручае вам на карысць людзей, якія жывуць побач са структурамі, якімі вы кіруеце, а таксама ўсяго грамадства. Жыць міласэрнасцю ў клопаце пра інтэгральнае дабро бліжняга – гэта вялікая магчымасць для маральнага, культурнага і нават эканамічнага росту ўсяго чалавецтва", - заключыў Пантыфік, падзякаваўшы дабрачынцам за іх служэнне і сведчанне.