MAP

Святы Айцец падчас аўдыенцыі для Моладзевай рады Міжземнамор'я Святы Айцец падчас аўдыенцыі для Моладзевай рады Міжземнамор'я  (@Vatican Media)

Леў XIV да моладзі: Міжземнамор’е – месца сустрэчы, не магіла

Святы Айцец падтрымаў ініцыятывы Моладзевай рады Міжземнамор'я і заклікаў працягваць працу па наладжванні дыялогу ў рэгіёне, падкрэсліўшы, што гэта трэба рабіць менавіта цяпер, а не заўтра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Леў XIV 5 верасня 2025 года прыняў у Ватыкане Моладзевую раду Міжземнамор'я, створаную пасля канферэнцый у Бары (2020) і Фларэнцыі (2022), натхнёных ідэямі Джорджа Ла Піры аб тым, што мір у Міжземнамор'і – аснова сусветнага міру.

"Вы аб'яднаны адным жаданнем: мірнага суіснавання народаў. Вы паказваеце, што дыялог магчымы, адрозненні з'яўляюцца крыніцай багацця, а не канфрантацыі", - падкрэсліў Папа, дзякуючы маладым за іх праекты ў мясцовых супольнасцях і на еўрапейскім узроўні.

Супольнае фота Льва XIV з прадстаўнікамі Моладзевай рады Міжземнамор'я
Супольнае фота Льва XIV з прадстаўнікамі Моладзевай рады Міжземнамор'я   (@Vatican Media)

У час, "які разрываецца канфліктамі, дзе гонка ўзбраенняў перамагае міжнароднае права", Леў XIV заклікаў не здавацца: "Вы, маладыя, са сваімі марамі можаце зрабіць фундаментальны ўнёсак. Цяпер, а не заўтра! Бо вы – сучаснасць надзеі!"

"Мір часта зводзіцца да простага лозунгу. Нам трэба культываваць яго ў нашых сэрцах і ў штодзённых учынках", - дадаў Святы Айцец, заахвочваючы маладых: "Не бойцеся быць парасткамі міру там, дзе расце нянавісць; ткачамі адзінства там, дзе пануе варожасць; голасам тых, хто не мае голасу".
 

05 верасня 2025, 12:14