Папа: біскуп – слуга, пакліканы служыць веры Божага народа
Аляксандр Панчанка - Vatican News
11 верасня 2025 года Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з біскупамі, якія атрымалі сакру на працягу апошніх дванаццаці месяцаў. Каля 200 іерархаў з розных частак свету, у тым ліку з місійных тэрыторый, удзельнічалі ў фармацыйных курсах, арганізаваных для іх трыма Дыкастэрыямі: па справах біскупаў, Усходніх Цэркваў і евангелізацыі.
Пантыфік нагадаў сваім гасцям, што яны атрымалі дар біскупскага пасвячэння, каб служыць Евангеллю. “Вы былі выбраныя і пакліканыя, каб быць пасланымі, як апосталы Пана і слугі веры”, - сказаў ён, прапанаваўшы паразважаць над постаццю біскупа як слугі, пакліканага служыць веры Божага народа.
“Ад тых, каго Езус клікаў як вучняў і прапаведнікаў Евангелля, асабліва ад Дванаццаці, патрабавалася ўнутраная свабода, беднасць духа і гатоўнасць служыць, якая нараджаецца з любові, каб увасабляць выбар Езуса, што стаў бедным, каб узбагаціць нас. Ён паказаў нам стыль Бога, які аб’явіўся не ў магутнасці, але ў любові Айца, што кліча нас да адзінства з Ім”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаўшы новых біскупаў пазбягаць “пэўнай маніі велічы” і дзякуючы пакоры і малітве імкнуцца заставацца слугамі народа, да якога Пан паклікаў іх.
Леў XIV нагадаў, што біскуп павінен быць знакам блізкасці Бога. “Езус любіць набліжацца да сваіх братоў праз нас, праз нашы адкрытыя абдымкі, якія агарняюць пяшчотай і суцяшаюць; праз наша сэрца, калі яно бярэ на сябе трывогі і радасці братоў”, - працытаваў Папа словы свайго папярэдніка Францішка.
Па словах Святога Айца, біскупу недастаткова толькі ўсведамляць, што яго служэнне караніцца ў духу служэння на падабенства Хрыста. “Яно павінна выражацца ў стылі апостальства, у розных формах душпастырскай апекі і кіраўніцтва, у імкненні абвяшчаць Евангелле рознымі і крэатыўнымі спосабамі, у адпаведнасці з канкрэтнымі сітуацыямі, з якімі вам давядзецца сустракацца”, - сказаў Пантыфік.
“Крызіс веры і яе перадачы, разам з цяжкасцямі, што датычаць прыналежнасці і ўдзелу ў жыцці Касцёла, заклікаюць нас аднавіць запал і адвагу для новага абвяшчэння Евангелля. Адначасова шмат людзей, якія, здаецца, далёкія ад веры, часта зноў пачынаюць стукаць у дзверы Касцёла альбо адкрываюцца на новы пошук духоўнасці, які часам не знаходзіць адпаведных моў і формаў у звычайных пастырскіх прапановах. І нельга забываць таксама пра іншыя выклікі, больш культурнага і сацыяльнага характару, якія датычаць усіх нас і асабліва закранаюць пэўныя тэрыторыі: трагедыя вайны і гвалту, пакуты бедных, імкненне многіх да больш братэрскага і салідарнага свету, этычныя выклікі, якія ставяць перад намі пытанне пра каштоўнасць жыцця і свабоды, і гэты спіс, безумоўна, мог бы быць яшчэ даўжэйшым”, - падкрэсліў Леў XIV.
“У гэтым кантэксце Касцёл пасылае вас як руплівых і ўважлівых пастыраў, здольных падзяляць шлях, пытанні, трывогі і надзеі людзей; пастыраў, якія жадаюць быць правадырамі, айцамі і братамі для святароў, а таксама для сясцёр і братоў у веры”, - сказаў Папа, запэўніўшы новых біскупаў у сваёй малітве, каб ім “ніколі не бракавала ветру Святога Духа” і каб радасць іх пасвячэння, як “прыемны водар”, магла распаўсюдзіцца таксама на тых, каму яны будуць служыць.
Пасля прамовы Льва XIV сустрэча працягнулася ў фармаце дыялогу, падчас якога іерархі маглі задаць Святому Айцу свае пытанні і пачуць яго адказы.