MAP

Папа: Марыя вучыць слухаць Бога і быць паслухмянымі Святому Духу

У пакліканні Багародзіцы можна ўбачыць таксама пакліканне Касцёла, - сказаў Леў XIV 6 верасня 2025 года падчас сустрэчы з удзельнікамі XXVI Міжнароднага марыялагічнага кангрэса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У трохдзённым форуме на тэму “Юбілей і сінадальнасць: Касцёл з абліччам і практыкай Марыі”, які праходзіў у Рыме па ініцыятыве Папскай міжнароднай марыялагічнай акадэміі, удзельнічалі каля 600 дэлегатаў – прадстаўнікі Касцёла, грамадзянскай супольнасці, узброеных сіл, дыпламаты і навукоўцы з розных частак свету.

“Панна Марыя, Маці Касцёла, вучыць нас быць святым Божым народам. Адсюль паходзіць таксама важнасць гэтай Папскай акадэміі – вячэрніка думкі, духоўнасці і дыялогу, на які ўскладзена задача каардынацыі марыялагічных даследаванняў і развіцця марыялогіі дзеля сапраўднай і плённай марыйнай пабожнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што Марыя вучыць уважліва слухаць Бога і быць паслухмянымі Святому Духу, які натхняе “ісці разам як браты і сёстры тых, хто раней лічыў правільным заставацца падзеленымі ўзаемным недаверам і нават варожасцю”.

“Касцёл з марыйным сэрцам найлепшым чынам захоўвае і разумее іерархію праўдаў веры, злучаючы розум і пачуццё, цела і душу, паўсюднае і мясцовае, асобу і супольнасць, чалавецтва і сусвет. Гэта Касцёл, які не баіцца задаваць сабе, іншым і Богу нязручныя пытанні: “Як станецца гэта?” (Лк 1,34) і крочыць патрабавальнымі шляхамі веры і любові: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,38), - сказаў Леў XIV.

Пантыфік выказаў перакананасць, што “пабожнасць і марыйныя практыкі, скіраваныя на служэнне надзеі і суцяшэнню, вызваляюць ад фаталізму, павярхоўнасці і фундаменталізму; сур’ёзна адносяцца да ўсіх чалавечых рэальнасцей, пачынаючы ад бедных і адкінутых; імкнуцца даць голас і годнасць тым, каго прыносяць на алтар старых і новых ідалаў”.

Святы Айцец заўважыў, што ў пакліканні Багародзіцы можна ўбачыць таксама пакліканне Касцёла. Таму “задачай марыйнай тэалогіі з’яўляецца выхаванне ў Божым народзе перадусім гатоўнасці пачынаць ад Бога, Яго слова і патрэб бліжняга – з пакорай і мужнасцю, а таксама жадання ісці да адзінства, якое паходзіць ад Тройцы, каб сведчыць перад светам пра прыгажосць веры, плённасць любові і прароцтва надзеі, якая не падводзіць”, - падкрэсліў Леў XIV.
 

06 верасня 2025, 13:04