MAP

Папа агустынцам: будзьце пакорнымі і працуйце для адзінства

Падчас Імшы ў базіліцы святога Аўгустына ў Рыме Святы Айцец заклікаў агусцінцаў да пакорнага слухання Бога і братоў, падкрэсліваючы, што адзінства павінна быць галоўным крытэрыем іх дзейнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

1 верасня 2025 года Леў XIV узначаліў Эўхарыстыю з нагоды адкрыцця 188-га Генеральнага капітула Ордэна святога Аўгустына. Урачыстая літургія адбылася ў базіліцы святога Аўгустына ў Рыме, дзе сабраліся больш за сотню манахаў-агусцінцаў з усяго свету.

"Слуханне, пакора і адзінства" – гэтыя тры ключавыя словы сталі асновай для гаміліі Пантыфіка. Ён прыбыў у храм ў 17.40, сустрэты генеральным прыёрам Ордэна айцом Алехандра Маралем і прыёрам мясцовай агустынскай супольнасці айцом Пасквале Корміа.

“Ніхто не павінен думаць, што мае ўсе адказы. Кожны павінен дзяліцца тым, што мае. Усе павінны з верай прымаць тое, што натхняе Пан”

Звяртаючыся да манахаў, якія да 18 верасня будуць працаваць у Папскім патрыстычным інстытуце "Аўгустыніянум", Папа заклікаў іх шукаць кіраўніцтва Духа Святога. "Важна, каб атмасфера капітула, у гармоніі з шматвяковай традыцыяй Касцёла, была атмасферай слухання – слухання Бога і слухання іншых," - падкрэсліў Святы Айцец.

У сваёй гаміліі Леў XIV спаслаўся на словы святога Аўгустына з пропаведзі 269, дзе ён нагадвае, што "супольнасць вернікаў гаворыць на ўсіх мовах”. “Таму і цяпер усе мовы належаць нам, бо мы члены цела, якое гаворыць", - заўважыў Папа.

“Жывіце гэтыя дні ў шчырым імкненні узаемадзенічаць і разумець, і рабіце гэта як шчодры адказ на вялікі і ўнікальны дар святла і ласкі”

Пантыфік нагадаў, што Бог вышэйшы за нас, і, як кажа прарок Ісая, "наколькі неба вышэйшае за зямлю, настолькі Яго шляхі вышэйшыя за нашы шляхі і Яго думкі вышэйшыя за нашы думкі". Толькі так Дух Святы можа "вучыць" і "нагадваць" тое, што "Езус сказаў, упісваючы гэта ў вашыя сэрцы".

Падчас літургіі, якая суправаджалася традыцыйнымі спевамі ордэна, складзенымі на аснове тэкстаў святога Аўгустына, Папа таксама падкрэсліў неабходнасць адзінства: "Адзінства павінна быць неад'емным аб'ектам вашых намаганняў, але не толькі – яно павінна быць таксама крытэрыем праверкі вашых дзеянняў і сумеснай працы, бо тое, што аб'ядноўвае, паходзіць ад Яго, а тое, што падзяляе, не можа быць ад Яго".

У заключнай частцы сустрэчы генеральны прыёр Ордэна святога Аўгустына айцец Алехандра Мараль звярнуўся да Льва XIV са словамі падзякі, называючы яго прысутнасць "каштоўным дарам, красамоўным знакам еднасці, якая нас аб'ядноўвае, і братэрства, якое нас падтрымлівае".

"Перад Вамі, Святы Айцец, сёння мы з перакананнем пацвярджаем гэтую вернасць, упэўненыя, што толькі ў еднасці з Пятром мы можам у поўнай меры жыць нашым евангельскім пакліканнем", - дадаў айцец Мараль.

Пасля Імшы Папа наведаў бібліятэку “Анджэліка”, размешчаную побач з базілікай святога Аўгустына, а таксама будынак італьянскай Дзяржаўнай адвакатуры, які раней належаў агустынскаму ордэну. У Зале Ванвітэлі, некалі рэфекторыі манахаў, Пантыфік павячэраў з удзельнікамі капітула, якія сардэчна яго прывіталі.
 

02 верасня 2025, 10:02