Кароткі візіт Льва XIV у летнюю рэзідэнцыю
Згодна з паведамленнем Залы Друку Святога Пасада, Пантыфік 8 верасня 2025 года ўвечары накіраваўся ў Палац Барберыні. Кароткі візіт Папы ў Кастэль-Гандольфа працягнецца крыху менш за суткі. Аўдыенцый не запланавана.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Варта нагадаць, што Пантыфік ужо праводзіў свой летні адпачынак у гэтым італьянскім мястэчку з 6 да 22 ліпеня 2025 года, а пасля вярнуўся туды на некалькі дзён у сярэдзіне жніўня з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
5 верасня 2025 года Леў XIV таксама наведваў Мястэчка "Laudato si'" – праект, які разгарнуўся на 55 гектарах, што раней належалі да Папскіх Віл. Падчас таго візіту Пантыфік сустрэўся з супрацоўнікамі, якія даглядаюць на гэтай тэрыторыі больш за тры тысячы відаў раслін.
Гэты кароткі візіт Льва XIV у Кастэль-Гандольфа падкрэслівае важнасць гэтага месца для Пантыфіка і яго прыхільнасць да традыцыі папскіх візітаў у летнюю рэзідэнцыю, нягледзячы на насычаны графік.
09 верасня 2025, 11:23