Святы Айцец: тэалогія павінна знаходзіцца ў дыялогу са светам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
13 верасня 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднага семінара, арганізаванага Папскай тэалагічнай акадэміяй, на тэму "Стварэнне, прырода, навакольнае асяроддзе дзеля мірнага свету".
Святы Айцец адзначыў, што пытанні экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя маюць непасрэдны ўплыў на арганізацыю грамадства і магчымасць мірнага суіснавання. Ён падкрэсліў важнасць міжкультурнага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва ў паляпшэнні экалагічнай і сацыяльнай сітуацыі.
Асаблівую ўвагу Папа надаў місіянерскаму і дыялагічнаму характару тэалогіі, якая павінна знаходзіцца "ў выхадзе" – спалучаць навуковую дакладнасць з увагай да гісторыі і рэальных праблем чалавецтва.
"Сінтэз розных аспектаў можа прапанаваць мудрасная тэалогія, па ўзоры той, што была распрацавана вялікімі Айцамі і Настаўнікамі старажытнасці, якія спалучалі веру і розум, разважанне, малітву і практыку", - сказаў Леў XIV, прыводзячы ў прыклад святога Аўгустына, чыя тэалогія заўсёды была плёнам досведу Бога і жывых адносін з Ім.
Святы Айцец падкрэсліў, што тэолаг – гэта чалавек, які імкнецца перадаць усім "веданне" і "смак" веры, каб асвятліць жыццё, падтрымаць слабых і адрынутых, дапамагчы пабудаваць братэрскі і салідарны свет.
Кажучы пра лічбавыя выклікі, Пантыфік адзначыў, што чыста этычнага падыходу да штучнага інтэлекту недастаткова: "Неабходна звяртацца да антрапалагічнай канцэпцыі, якая з'яўляецца асновай этычных дзеянняў, і вяртацца да пытання: хто такі чалавек, у чым яго непараўнальная годнасць, якую нельга звесці да любога лічбавага андроіда?"
Святы Айцец заахвоціў развіваць тэалогію, заснаваную на асабістай сустрэчы з Хрыстом і ўвасобленую ў рэаліях сучаснага свету, а таксама весці дыялог з рознымі галінамі ведаў – ад прыродазнаўчых і грамадскіх навук да літаратуры і музыкі.
На заканчэнне Папа падтрымаў тры кірункі працы і развіцця Акадэміі: навукова-акадэмічны (даследаванне веры), мудрасны (разважанне і распазнаванне) і салідарнасны (канкрэтныя справы міласэрнасці).