Папа: мы як садоўнікі, што даглядаюць поле братэрства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Тэма сустрэчы адлюстроўвае дух братэрскай адкрытасці, які людзі добрай волі імкнуцца развіваць з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый", - піша Леў XIV, адзначаючы, што наша супольнасць "сапраўды адна – у пачатку і ў лёсе пад Богам".
Святы Айцец тлумачыць, што можна казаць пра "культуру" ў двух сэнсах: як багатую спадчыну мастацтва, ідэй і грамадскіх інстытутаў, і як спрыяльнае асяроддзе для развіцця. "Гэтак жа як здаровая экасістэма дазваляе розным раслінам квітнець побач, так і здаровая грамадская культура дазваляе розным супольнасцям развівацца ў гармоніі", - піша Пантыфік.
Леў XIV адзначае, што будаванне культуры гармоніі патрабуе не толькі абмену ідэямі, але і супрацоўніцтва ў канкрэтных справах. Ён спасылаецца на вучэнне святога Якуба аб тым, што сапраўдная рэлігійнасць выяўляецца ў клопаце пра сірот і ўдоў у іх патрэбах.
Святы Айцец выказвае ўдзячнасць за прыклады яднання ў Бангладэш, калі людзі рознай веры аб'ядноўваліся ў салідарнасці і малітве ў часы прыродных катастроф ці трагедый. "Такія жэсты будуюць масты – паміж вераваннямі, паміж тэорыяй і практыкай, паміж супольнасцямі", - піша Папа.
Напрыканцы пасланне пацвярджае імкненне Каталіцкага Касцёла працягваць гэты шлях супрацоўніцтва, нягледзячы на магчымыя непаразуменні ці раны мінулага. "Кожная групавая дыскусія, кожны сумесны сацыяльны праект ці агульная трапеза, кожная ветлівасць, праяўленая да суседа іншай рэлігіі – гэта цэглы таго, што святы Ян Павел II называў 'цывілізацыяй любові'", - заключае Леў XIV.