Аварыя гістарычнага фунікулёра ў Лісабоне: спачуванні Папы
Леў XIV папрасіў Патрыярха Лісабона Руі Валерыё перадаць свае шчырыя спачуванні і духоўную блізкасць сем’ям ахвяр аварыі фунікулёра “Elevador da Glória”, якая здарылася 3 верасня 2025 года ў сталіцы Партугаліі.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік моліцца аб выздараўленні для параненых і аб сіле хрысціянскай надзеі для ўсіх, хто пацярпеў ад гэтай катастрофы, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна на імя партугальскага іерарха.
“Святы Айцец асабліва ўдзячны тым, хто быў задзейнічаны ў ратавальнай аперацыі, і ўсім, асабліва сваякам загінулых, удзяляе апостальскае благаслаўленне суцяшэння”, - адзначаецца ў спачувальным пасланні.
Фунікулёр “Elevador da Glória” – адна з самых папулярных турыстычных славутасцяў Лісабона – сышоў з рэек на спуску, перакуліўся і ўрэзаўся ў будынак. Колькасць смяротных ахвяр трагедыі дасягнула 17 чалавек. У Партугаліі абвешчана агульнанацыянальная жалоба.
04 верасня 2025, 13:23