MAP

Кармеліты. Ілюстрацыйнае фота Кармеліты. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV кармелітам: малітоўнае жыццё як падмурак служэння

Пра малітоўнае жыццё як падмурак служэння Касцёлу і свету нагадаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў генеральнага капітула Ордэна Братоў Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармель.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Тэма, выбраная для капітула – “Наша кантэмпляцыйная братэрская супольнасць распазнае сваю місію” – адлюстроўвае сутнасць кармеліцкага харызмату, паказваючы, што ваша супольнае малітоўнае жыццё з’яўляецца падмуркам вашага служэння Касцёлу і свету. Гэта сувязь павінна заставацца жывой рэальнасцю, якая фармуе кожны аспект вашага служэння. Укараняючыся ў ціхай малітве і ўзаемным клопаце, вы пестуеце спакой, які дазваляе распазнаваць знакі часу, асабліва ў перспектыве бедных, і адказваць на іх з ціхай пастаяннасцю любові”, - напісаў Леў XIV да ўдзельнікаў сустрэчы, якая праходзіць з 9 па 26 верасня 2025 года ў інданезійскім горадзе Маланг.

Пантыфік адзначыў, што заклік “займацца нейкай працай”, які змяшчаецца ў рэгуле Ордэна кармелітаў, мае глыбокі сэнс для іх служэння, бо заахвочвае законнікаў “увасабляць любячы позірк Хрыста, які ахоплівае кожнага чалавека міласэрнасцю і пяшчотай”.

“Няхай гэта адбываецца праз правядзенне рэкалекцый, духоўнае суправаджэнне, працу ў парафіях і выхаванне моладзі. Я малюся, каб повязь любові ў вашых супольнасцях была сведчаннем дару адзінства, асабліва ў тых частках грамадства, якія пазначаныя падзеламі і палярызацыяй”, - падкрэсліў Святы Айцец, пажадаўшы кармелітам, каб капітул паспрыяў іх духоўнаму абнаўленню і ўмацаваў у надзеі.
 

10 верасня 2025, 14:28