Святы Айцец глыбока спачувае ў сувязі са смерцю маладой паломніцы
Папа з глыбокім смуткам успрыняў вестку пра раптоўную смерць 18-гадовай Паскаль Рафік, якая памерла падчас пілігрымкі з Егіпта ў Рым, дзе разам з групай пілігрымаў мелася ўдзельнічаць у Юбілеі моладзі.
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік звязаўся з біскупам Жанам-Мары Шамі, вікарыем Антыяхійскай Грэка-мелькіцкай Царквы ў Егіпце, Судане і Паўднёвым Судане, каб выказаць сваю духоўную блізкасць родным памерлай дзяўчыны і ўсёй супольнасці.
2 жніўня 2025 года Папа асабіста сустрэўся ў Ватыкане з групай спадарожнікаў Паскаль Рафік на чале з біскупам Шамі. Сустрэча, якая прайшла ў атмасферы глыбокага смутку, стала момантам малітвы і духоўнага суцяшэння для егіпецкіх пілігрымаў, усё яшчэ ўзрушаных гэтай балючай падзеяй.
Леў XIV запэўнівае ў малітве за душу памерлай і просіць Пана суцешыць яе родных, сяброў і ўсіх, хто аплаквае страту.
02 жніўня 2025, 15:42