Святы Айцец: справа міру ў свеце патрабуе ўкладу хрысціян
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Міжнародны форум пройдзе з 22 па 27 жніўня 2025 года ў італьянскім горадзе Рыміні на тэму “У пустынных месцах будзем будаваць з новай цэглы”. Леў XIV прывітаў яго ўдзельнікаў у пасланні за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.
Пантыфік адзначыў, што там, “дзе кіраўнікі дзяржаў і міжнародных арганізацый, здаецца, не могуць усталяваць перавагу закона, медыяцыі і дыялогу, мужна прарочыць павінны рэлігійныя і грамадзянскія супольнасці”.
“Мы больш не можам супраціўляцца Божаму Валадарству, якое ёсць Валадарствам супакою”, - напісаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што вера, надзея і любоў “павінны выліцца ў вялікае культурнае навяртанне”. Папа асудзіў “язычніцкае пакланенне прыбытку” і схільнасць сучаснай лічбавай рэвалюцыі да “распальвання дыскрымінацыі і канфліктаў”.
На думку Пантыфіка, “бяззбройная і абяззбройваючая прысутнасць хрысціян у грамадстве павінна паказваць альтэрнатыву шляхам прагрэсу без роўнасці і ўстойлівага развіцця”.
Леў XIV нагадаў пра прыклад мучанікаў з Алжыра – сямі трапістаў, якія нягледзячы на грамадзянскую вайну ў краіне працягвалі мужна сведчыць пра магчымасць мірнага суіснавання з мусульманскім насельніцтвам.
“У іх ззяе пакліканне Касцёла жыць у пустыні ў глыбокай еднасці з усім чалавецтвам, пераадольваючы муры варожасці, што супрацьпастаўляюць рэлігіі і культуры, цалкам наследуючы рух уцелаўлення і самаахвярнасці Божага Сына”, - напісаў ён.
На думку Святога Айца, дыялог паміж католікамі, вызнаўцамі іншых рэлігій і няверуючымі стане “новай цэглай”, патрэбнай для будавання будучыні, якую Бог задумаў для ўсіх людзей, і якая адкрыецца толькі тады, калі пачнём прымаць адзін аднаго.
Для набліжэння гэтай будучыні Леў XIV заклікаў католікаў прасоўваць навучанне ненасіллю, ініцыятывы пасярэдніцтва ў лакальных канфліктах, а таксама праекты гасціннасці, якія ператвараюць страх перад іншымі ў магчымасць сустрэчы.
“Мір – гэта не духоўная ўтопія, а шлях пакоры, які складаецца са штодзённых жэстаў, дзе пераплятаюцца цярплівасць і мужнасць, уменне слухаць і дзейнічаць. І сёння, як ніколі, ён патрабуе нашай уважлівай і крэатыўнай прысутнасці”, - нагадаў Папа.