Святы Айцец: ніякі алгарытм не заменіць сапраўднай сустрэчы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец спаслаўся на тэму сустрэчы – “Пойдзем да дому Пана” – даўшы моладзі некалькі парад адносна таго, як ісці праз жыццё шляхам, што вядзе да Неба. Перш за ўсё ён адзначыў прыгажосць веры, якая перажываецца разам з іншымі людзьмі: калі падтрымліваеш адзін аднаго і запальваеш полымя веры ў сэрцы бліжняга.
“Агні сэрцаў зліваюцца і становяцца адным вялікім полымем, што асвятляе шлях. Таксама і вы, юнакі і дзяўчаты, не з’яўляецеся самотнымі пілігрымамі: шлях да Пана праходзіць разам. У гэтым і ёсць прыгажосць веры, што перажываецца ў Касцёле”, - падкрэсліў Пантыфік.
Папа таксама адзначыў важнасць сапраўдных сустрэч з іншымі людзьмі на шляху да Бога. У гэтым кантэксце ён згадаў пра спакусу выключна віртуальных адносін у свеце, які становіцца ўсё больш лічбавым і дзе штучны інтэлект і тэхналогіі даюць нам тысячы магчымасцяў.
“Памятайце: ніякі алгарытм не можа замяніць абдымкаў, позіркаў, сапраўднай сустрэчы – ні з Богам, ні з нашымі сябрамі, ні з нашай сям’ёй. Падумайце пра Марыю: яна здзейсніла цяжкае падарожжа, каб сустрэць сваю сваячку Альжбету. Гэта было няпроста, але яна зрабіла гэтае падарожжа, якое прынесла шмат радасці”, - напісаў Леў XIV.
Святы Айцец заклікаў моладзь па прыкладзе Панны Марыі шукаць сапраўдных сустрэч: “Радуйцеся разам, не бойцеся плакаць з тымі, хто плача, як кажа таксама святы Павел: “Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача” (Рым 12,15)”, - заахвоціў Пантыфік.
“Вы прыбылі ў Меджугор’е з розных краін, і, магчыма, вам здаецца, што мова ці культура з’яўляюцца перашкодай для сустрэчы. Не бойцеся: ёсць мова, мацнейшая за ўсякія бар’еры – гэта мова веры, умацаванай любоўю Бога. Вы ўсе – члены Яго Цела, якім з’яўляецца Касцёл. Сустракайцеся, знаёмцеся, дзяліцеся. Толькі так, ідучы разам, падтрымліваючы і натхняючы адзін аднаго, мы прыйдзем да дому Пана”, - напісаў Папа.
У завяршэнне паслання Леў XIV заклікаў моладзь да адважнага пошуку ўласнага паклікання: “Калі хтосьці з вас на шляху адчуе ў сабе пакліканне да асаблівага ладу жыцця – кансэкраванага або святарскага - заклікаю вас не баяцца адказаць на яго. Гэте пакліканне, якое вы адчуваеце ў сэрцы, паходзіць ад Бога, што прамаўляе да нас. Слухайце Яго з даверам: слова Пана не толькі робіць нас па-сапраўднаму вольнымі і шчаслівымі, але і дазваляе нам цалкам рэалізаваць сябе як людзей і як хрысціянаў”, - запэўніў моладзь Святы Айцец.