Леў XIV: не баяцца выбіраць жыццё, давяраючы Божым абяцанням
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У Марыі з Назарэта ёсць наша гісторыя, гісторыя Касцёла, зануранага ў агульны чалавечы лёс, – сказаў у гаміліі Леў XIV, падкрэсліваючы, што, уцелаўшыся ў Марыі, Бог жыцця і свабоды перамог смерць і працягвае рабіць гэта і сёння разам з намі, калі па прыкладзе Багародзіцы мы кажам “так” Яго любові, здольнай змяняць усё. “На крыжы перамог давер, перамагла любоў, якая бачыць тое, чаго яшчэ няма, перамагло прабачэнне”, - нагадаў Святы Айцец.
Леў XIV падкрэсліў, што ў Марыі, якая стаяла ля крыжа, побач са сваім Сынам, мы можам убачыць сябе “калі не ўцякаем і адказваем сваім “так” на Божы заклік”. “Гэта “так” жыве і супрацьстаіць смерці ў мучаніках нашага часу, у сведках веры і справядлівасці, лагоднасці і міру. Таму гэты радасны дзень – таксама дзень, які заклікае нас выбраць, як і для каго жыць”, - сцвердзіў Пантыфік.
Папа адзначыў, што плоднасць “так”, сказанага Марыяй, “працягваецца ў плоднасці Касцёла і ўсяго чалавецтва, калі прымаецца аднаўляючае Божае слова”, а праз канкрэтныя праявы братэрства і новыя ўчынкі салідарнасці Уваскрасенне і сёння ўваходзіць у наш свет.
“Спеў Марыі, Яе “Magnificat”, умацоўвае ў надзеі пакорных, галодных, руплівых слугаў Бога. Гэта жанчыны і мужчыны Благаслаўленняў, якія ўжо ў пакутах бачаць нябачнае: магутныя скінутыя з тронаў, багатыя з пустымі рукамі, абяцанні Бога споўненыя. Гэта досвед, пра які ў кожнай хрысціянскай супольнасці мы ўсе павінны мець магчымасць сказаць: “Я яго перажыў”. Ён здаецца немагчымым, але Божае слова ўсё яшчэ выходзіць на свет. Калі ўзнікаюць сувязі, якімі мы супрацьпастаўляем злу дабро, а смерці – жыццё, тады бачым, што “для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37)”, - сцвердзіў Папа.
Леў XIV заўважыў таксама, што там, дзе вера слабее “з-за чалавечай самаўпэўненасці, пэўнага матэрыяльнага дастатку і расслабленасці, якая ўсыпляе сумленне”, прыходзіць смерць “у формах адчаю і наракання, настальгіі і няўпэўненасці”. Там людзі шукаюць дапамогі багатых і магутных, што часта суправаджаецца пагардай да бедных і пакорных.
“Але Касцёл жыве ў сваіх кволых членах і дзякуючы іх “Magnificat” абнаўляецца. Нават сёння бедныя і пераследаваныя хрысціянскія супольнасці, сведкі пяшчоты і прабачэння ў месцах канфліктаў, міратворцы і будаўнікі мастоў у падзеленым свеце – гэта радасць Касцёла, яго пастаянная плоднасць, пачатак Валадарства, якое прыходзіць. Многія з іх – жанчыны, як пажылая Альжбета і маладая Марыя: жанчыны пасхальныя, апосталы Уваскрасення. Дазволім сабе перамяніцца іхнім сведчаннем!”, - заклікаў Папа.
“Браты і сёстры, калі ў гэтым жыцці мы “выбіраем жыццё” (пар. Дрг 30,19), тады мы маем падставу бачыць свой лёс у Марыі, Унебаўзятай. Яна дадзена нам як знак таго, што Уваскрасенне Езуса не было выпадкам, выключэннем. Усе мы ў Хрысце можам паглынуць смерць (пар. 1 Кар 15,54). Вядома, гэта справа Бога, а не наша. І ўсё ж Марыя – гэта тое злучэнне ласкі і свабоды, якое штурхае кожнага з нас да даверу, мужнасці, удзелу ў жыцці народу. “Вялікае ўчыніў Мне Ўсемагутны” (Лк 1,49): няхай кожны з нас перажыве гэту радасць і засведчыць яе новым спевам. Не будзем баяцца выбіраць жыццё! Часам гэта можа здавацца небяспечным, неразумным. Колькі галасоў заўсёды шэпчуць: “Навошта табе гэта? Пакінь! Думай пра сябе”. Гэта – галасы смерці. А мы вучні Хрыста. Яго любоў штурхае нас – нашы душы і целы – у наш час. Як паасобныя людзі і як Касцёл мы больш не жывём для саміх сябе. Менавіта гэта – і толькі гэта – распаўсюджвае жыццё і дазваляе яму перамагаць. Наша перамога над смерцю пачынаецца ўжо цяпер”, - сказаў на заканчэнне гаміліі Папа.