MAP

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

“Супакой усім вам” – абвешчана тэма Сусветнага дня міру

“Супакой усім вам: да міру бяззбройнага і абяззбройваючага” – такую тэму Папа Леў XIV выбраў для свайго паслання на 60-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца ў Касцёле 1 студзеня 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Тэма паслання запрашае чалавецтва адмовіцца ад логікі гвалту і вайны, каб прыняць сапраўдны мір, заснаваны на любові і справядлівасці”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, якое 26 жніўня 2025 года апублікавала Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Гэты мір “павінен быць бяззбройным – значыць заснаваным не на страху, пагрозе ці ўзбраеннях; і абяззбройваючым – здольным развязваць канфлікты, адкрываць сэрцы і нараджаць давер, эмпатыю і надзею”. “Не дастаткова заклікаць да міру; мы павінны ўвасабляць яго ў ладзе жыцця, які адкідае ўсякія формы гвалту, бачнага і структурнага”, - падкрэсліваецца ў камюніке ватыканскае ведамства.

“Прывітанне Уваскрослага Хрыста: “Супакой вам” (пар. Ян 20,19) – гэта заклік, скіраваны да ўсіх – вернікаў, няверуючых, палітычных лідараў і грамадзян – будаваць Божае Валадарства і працаваць разам над стварэннем чалавечай і мірнай будучыні”, - патлумачыла Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Сусветны дзень міру адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 1 студзеня. Ён быў устаноўлены Паўлам VI у 1967 годзе. Традыцыйна спачатку абвяшчаецца яго тэма, а ўжо потым, у снежні, публікуецца пасланне Святога Айца. Яно дасылаецца ў адміністрацыі кіраўнікоў усіх дзяржаў. Лічыцца, што дакумент вызначае дыпламатычную лінію Святога Пасаду на наступны год.
 

26 жніўня 2025, 12:01