MAP

Папа і вязні венецыянскай турмы Санта-Марыя-Маджорэ Папа і вязні венецыянскай турмы Санта-Марыя-Маджорэ

Пілігрымы надзеі: Папа сустрэўся з вязнямі з Венецыі

Леў XIV прыняў групу пілігрымаў з Венецыі, сярод якіх былі трое вязняў, што адбываюць пакаранне ў мясцовай турме Санта-Марыя-Маджорэ і атрымалі дазвол на пілігрымку ў Рым.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Аўдыенцыя адбылася 7 жніўня 2025 года ў Зале кансісторыяў Апостальскага палацу Ватыкана. Групу пілігрымаў суправаджаў Патрыярх Венецыі, кардынал Франчэска Маралья. Ініцыятыва стала адным з важных этапаў душпастырства зняволеных, якое ажыццяўляе Касцёл у Венецыі.

“Гэта падзея, якая, я ўпэўнены, незгладжальна пазначыць душу, жыццё і гісторыю гэтых зняволеных, супрацоўнікаў і валанцёраў, што іх суправаджаюць, а таксама ўсіх, хто ўдзельнічае ў душпастырстве на ўзроўні дыяцэзіі, скіраваным на турмы і рэінтэграцыю зняволеных мужчын і жанчын у грамадскае жыццё”, - сказаў кардынал Маралья.

У складзе дэлегацыі, якую прыняў Папа, быў дырэктар пенітэнцыярнай установы Энрыка Фарына. “Гэты досвед напаўняе мяне гонарам. Дзякуючы чуллівасці суддзі па наглядзе за выкананнем пакаранняў, штодзённай адданай працы пенітэнцыярнай паліцыі, выхавальнікаў, капелана ксяндза Масіма Кадамуры і Патрыярха Венецыі, стала магчымым даць тром зняволеным шанец перажыць насычаны, чалавечы і духоўны шлях, кульмінацыяй якога стане прыватная аўдыенцыя ў Святога Айца”, - сказаў ён напярэдадні візіту ў Рым.

Энрыка Фарына паведаміў, што ўдзельнікі аўдыенцыі перададуць Папу штодзённік з роздумамі і малітвамі, якія нарадзіліся падчас пілігрымкі. “Для мяне будзе гонарам знаходзіцца побач з імі ў гэтую асаблівую хвіліну”, - дадаў Фарына.
 

07 жніўня 2025, 20:35