MAP

Папа Леў XIV Папа Леў XIV

Святы Айцец заклікаў Рыцараў Калумба быць знакамі надзеі

У відэапасланні з нагоды 143-га Вярхоўнага з’езду “Рыцараў Калумба”, які адбываецца ў Вашынгтоне, Леў XIV выказаў гэтай супольнасці ўдзячнасць за служэнне бедным і заклікаў яе быць канкрэтным знакам надзеі для тых, хто сутыкаецца з цяжкасцямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа нагадаў, што з’езд адбываецца ў асаблівы час – Юбілейны год надзеі. Цытуючы Папу Францішка, ён назваў надзею "жаданнем і чаканнем чагосьці добрага, нягледзячы на тое, што мы не ведаем, што можа прынесці будучыня".

"Езус Хрыстус – крыніца нашай надзеі", - сцвердзіў Святы Айцец, нагадаўшы рыцарам, што кожнае пакаленне хрысціян заклікана абвяшчаць Евангелле як словам, так і справай. Ён падкрэсліў важнасць быць знакамі надзеі, асабліва для тых, хто сутыкаецца з цяжкасцямі.

Пантыфік падкрэсліў важнасць духоўнай і сацыяльнай спадчыны заснавальніка супольнасці, благаслаўлёнага Майкла МакГіўні. Ён адгукнуўся на патрэбы католікаў-імігрантаў і бедных людзей, якія сутыкаліся з цяжкасцямі ў канцы XIX стагоддзя. Сёння распачатая ім місія братэрскай дабрачыннасці працягваецца дзякуючы дзейнасці мясцовых арганізацый “Рыцараў Калумба” па ўсім свеце.

Па словах Папы, тэма сёлетняй асамблеі – "Веснікі надзеі” (Heralds of Hope) – заклікае рыцараў быць актыўнымі сведкамі веры ў сваіх парафіях, супольнасцях і сем’ях. Папа падзякаваў ордэну за малітвы, фармацыю і служэнне, а таксама за сацыяльную дзейнасць, асабліва за падтрымку цяжарных жанчын, дзяцей, бедных і тых, хто пацярпеў ад вайны.

Напрыканцы паслання Леў XIV благаславіў удзельнікаў мерапрыемства, пажадаўшы ім плённай працы і даручыўшы іх намаганні заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і благаслаўлёнага Майкла МакГіўні.

Відэапасланне Папы Льва XIV да Рыцараў Калумба
06 жніўня 2025, 09:57