Папа да Касцёлаў Афрыкі: быць знакамі надзеі і еднасці ў часы падзелаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў ХХ Генеральнай асамблеі Сімпозіума біскупскіх канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM), якая праходзіць у сталіцы Руанды Кігалі з 28 ліпеня па 4 жніўня 2025 года. У пасланні, падпісаным Дзяржаўным сакратаром кардыналам П'етра Паралінам і адрасаваным кардыналу Фрыдаліну Амбонга Бесунгу, арцыбіскупу Кіншасы і старшыні SECAM, Святы Айцец заклікаў Касцёлы Афрыкі быць “бачнымі знакамі надзеі” і “прасоўваць адзінства”, асабліва там, дзе грамадства падзеленае і палярызаванае. Форум праходзіць пад дэвізам: "Хрыстус – крыніца надзеі, прымірэння і міру".
Папа выказаў надзею на тое, што асамблея стане “моцным досведам Божай любові”, здольным абудзіць у сэрцах удзельнікаў “цвёрдую надзею на збаўленне, якое дае Хрыстус”. Ён заклікаў біскупаў і духавенства працаваць дзеля адзінства і дзеля таго, каб мясцовыя Касцёлы ўсё часцей станавіліся канкрэтнымі прыкметамі надзеі для ўсіх людзей.
Леў XIV даручыў усе будучыя праекты афрыканскага Касцёла апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці надзеі.
У Асамблеі прымаюць удзел больш за 200 дэлегатаў, у тым ліку 13 кардыналаў, 85 біскупаў, 72 святары і манахі, дзясяткі свецкіх вернікаў, мужчын і жанчын. У форуме таксама ўдзельнічае кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Пасяджэнне адкрыў кардынал Амбонга, які горача заклікаў пакласці канец насіллю, пераследам і ўзброеным канфліктам, якія ўсё яшчэ раздзіраюць свет і афрыканскі кантынент.