MAP

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па жылым доме ў Кіеве Наступствы расійскага ракетнага ўдару па жылым доме ў Кіеве  (ANSA)

Пантыфік заклікаў да міру ва Украіне: голас зброі павінен змоўкнуць!

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, 31 жніўня 2025 года, Папа заклікаў да міру ва Украіне, асудзіў распаўсюджванне глабальнай “пандэміі ўзбраенняў” і выказаў смутак з прычыны гібелі мігрантаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“На жаль, вайна ва Украіне працягвае сеяць смерць і разбурэнні. У апошнія дні бамбардзіроўкі закранулі некалькі гарадоў, у тым ліку сталіцу, Кіеў, што прывяло да шматлікіх ахвяр. Я зноў выказваю блізкасць украінскаму народу і ўсім сем’ям, якія пацярпелі”, - сказаў Леў XIV.

“Я заклікаю ўсіх не заставацца абыякавымі, але станавіцца блізкімі праз малітву і канкрэтныя справы міласэрнасці. Я настойліва заклікаю да неадкладнага спынення агню і сур’ёзных намаганняў на карысць дыялогу. Прыйшоў час тым, хто надзелены адказнасцю, адмовіцца ад логікі зброі і стаць на шлях перамоў і міру пры падтрымцы міжнароднай супольнасці. Голас зброі павінен змоўкнуць, а голас братэрства і справядлівасці – узвысіцца”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа выказаў салідарнасць з сем’ямі ахвяр нядаўняй трагічнай страляніны ў школе ў штаце Мінесота ў ЗША. Пантыфік адзначыў, што моліцца таксама за бясконцае мноства іншых дзяцей, якія штодня гінуць і атрымліваюць раненні па ўсім свеце.

“Давайце папросім Пана спыніць пандэмію ўзбраенняў, як вялікіх, так і малых, якая паразіла наш свет. Няхай дапаможа нам Марыя, Каралева супакою, споўніць прароцтва Ісаі: “І перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы”, — сказаў Пантыфік.

Леў XIV выказаў смутак у сувязі з гібеллю каля атлантычнага ўзбярэжжа Маўрытаніі больш як пяцідзесяці і знікненнем без вестак каля ста мігрантаў пасля крушэння судна, якое накіроўвалася да Канарскіх астравоў.

“Такія смяротныя трагедыі паўтараюцца штодня па ўсім свеце. Давайце памолімся, каб Пан навучыў нас – як асобных людзей, так і грамадствы ў цэлым – у поўнай меры спаўняць Яго словы: “Я быў падарожным, і вы прынялі Мяне”, - сказаў Папа, заклікаўшы даверыць усіх “параненых, зніклых без вестак, дзе б яны ні знаходзіліся, і загінулых – любячым абдымкам нашага Збаўцы”.
 

31 жніўня 2025, 13:01