Леў XIV заклікаў манахінь працягваць апеку над сем'ямі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёння, 23 жніўня 2025 года, Папа прыняў удзельніц генеральных капітулаў чатырох жаночых манаскіх кангрэгацый: Місіянерак Дачок Святой Сям'і з Назарэта, Інстытута Дачок Назарэта, Інстытута Апосталак Святой Сям'і і Сясцёр Міласэрнасці Святой Марыі.
Сведкі надзеі ў Юбілейны год
Пантыфік адзначыў, што гэтыя сходы праходзяць падчас Юбілейнага года, прысвечанага надзеі. "Надзея, як кажа святы Павел, не расчароўвае, яна з'яўляецца плёнам выпрабаванай дабрачыннасці і ажыўляецца любоўю Бога, выліваючыся ў нашыя сэрцы праз Духа Святога ", - сказаў Пантыфік.
"Усё гэта робіць вас выдатнымі сведкамі надзеі: асабліва той надзеі, якая пастаянна скіроўвае нас да будучых дабротаў і якой, як манахіні, вы пакліканы быць знакам і прароцтвам", - падкрэсліў Святы Айцец.
Святая Сям'я як прыклад для сучаснасці
Леў XIV адзначыў, што хоць кангрэгацыі маюць рознае паходжанне, шмат з іх аб'ядноўвае жаданне жыць і перадаваць іншым каштоўнасці Святой Сям'і з Назарэта, "агменя малітвы, кузні любові і ўзору святасці".
"Сям'я ў нашы дні больш чым калі-небудзь мае патрэбу ў падтрымцы, прасоўванні, заахвочванні: праз малітву, прыклад і руплівую сацыяльную дзейнасць, гатовую дапамагчы ў яе патрэбах", - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заахвоціў сясцёр разважаць над тым, што іх інстытуты зрабілі з цягам часу на карысць многіх сем'яў – дзяцей, маці, бацькоў, пажылых людзей, моладзі – і абнавіць сваё абавязацельства, каб у нашых дамах квітнелі "тая самая дабрачыннасць і тая самая любоў Святой Сям'і".
Будзьце блізкімі да людзей, як Святая Сям'я!
"Працягвайце справы, якія былі вам даручаны, 'ствараючы сям'ю' і знаходзячыся побач з людзьмі, якім вы дапамагаеце, праз малітву, слуханне, параду, дапамогу, каб культываваць і распаўсюджваць у розных рэаліях, у якіх вы працуеце, дух дома ў Назарэце", - звярнуўся Папа.
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV падзякаваў сёстрам за працу, якую яны выконваюць у многіх частках свету, і даручыў іх заступніцтву Маці Божай і святога Юзафа.