Святы Айцец спачувае ў сувязі з авіякатастрофай у Гане
Марыя Валодзіна - Vatican News
Увечары 7 жніўня Зала Друку Святога Пасада апублікавала спачувальную тэлеграму, падпісаную Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам і адрасаваную старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Ганы, біскупу Мэцью К. Г’ямфі.
У ёй гаворыцца аб тым, што Пантыфік “спачувае ў сувязі з гібеллю міністраў, службовых асоб і ўсіх, хто загінуў пры крушэнні вайсковага верталёта. Даручаючы душы памерлых міласэрнасці Усемагутнага Бога і молячыся за ўсіх, хто аплаквае гэтую страту, асабліва за іх сем’і, Святы Айцец запэўнівае ўсю краіну ў сваёй духоўнай блізкасці ў гэты цяжкі час”.
Верталёт, на борце якога знаходзіліся трое членаў экіпажа і пяць пасажыраў, разбіўся ў лесе ў цэнтральным рэгіёне Ашанці. Сярод загінулых – міністр абароны Ганы Эдвард Аманэ Баама, міністр навакольнага асяроддзя Ібрагім Муртала Мухамед, пасажыры, якія іх суправаджалі, і члены экіпажа. Дэлегацыя накіроўвалася ў горад Абуасі для ўдзелу ў мерапрыемстве, прысвечаным барацьбе з незаконнай здабычай карысных выкапняў.
Прэзідэнт Ганы Джон Драмані Махама абвясціў у краіне трохдзённую нацыянальную жалобу.