Папа: сацыяльная дзейнасць Касцёла павінна весці да Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Як паказвае ўся гісторыя Перу, вызнанне каталіцкай веры на гэтых землях заўсёды суправаджалася гарманічным спалучэннем ушанавання Бога з клопатам пра найбольш патрабуючых, - адзначыў Папа.
Гэты факт пацвярджаюць жыццяпісы шматлікіх мясцовых святых, такіх як Ружа Лімская, Марцін дэ Порэс ці святы Хуан Маціяс, падчас кананізацыі якога ў 1975 годзе святы Павел VI сказаў: “Ён яднаў усіх у любові, працуючы дзеля поўнага гуманізму. І ўсё гэта таму, што ён любіў людзей, бо ў іх бачыў вобраз Божы. Як жа хацелася б нам нагадаць пра гэта ўсім, хто сёння працуе сярод бедных і адкінутых! Нельга адыходзіць ад Евангелля і парушаць закон любові, каб шукаць большай справядлівасці шляхам гвалту. У Евангеллі ёсць дастаткова сіл, каб узрасціць аднаўленчыя пачынанні, якія, перамяняючы людзей знутры, падштурхнуць іх змяніць усё неабходнае ў структурах, каб зрабіць іх больш справядлівымі і больш чалавечымі”, - нагадаў Леў XIV.
На думку Святога Айца, у наш час, прасякнуты мноствам выклікаў эканамічнага, палітычнага і культурнага характару, “боль несправядлівасці і адчужэння, ад якіх пакутуюць многія з нашых братоў, заахвочвае ўсіх нас, ахрышчаных, даць адказ, які, як Касцёл, мы павінны шукаць у сэрцы Евангелля, у святле знакаў часу”.
“Для гэтага сёння неабходнае сведчанне святых, гэта значыць людзей, што застаюцца з’яднанымі з Панам, як вінаградныя галінкі з лазой (пар. Ян 15,5). Бо святыя – гэта не ўпрыгожанне з барочнага мінулага; яны паўстаюць з Божага закліку будаваць лепшую будучыню. Разам з тым трэба ўсведамляць, што ўсякая сацыяльная дзейнасць Касцёла павінна мець цэнтрам і мэтай абвяшчэнне Евангелля Хрыста, так, каб, не занядбваючы неадкладных патрэб, мы заўсёды памяталі пра найглыбейшы і канчатковы сэнс нашага служэння. Бо калі мы не даём Хрыста ў поўні, мы заўсёды даём вельмі мала”, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў перуанскіх вернікаў несці людзям разам з матэрыяльным хлебам таксама і Хлеб Божага слова, які, у сваю чаргу, абуджае прагненне Хлеба нябеснага – таго, які толькі Касцёл можа даць згодна з наказам і воляй Хрыста, і які ніякая чалавечая ўстанова, нават з найлепшымі намерамі, не здольная замяніць.