MAP

Ксёндз Андрэй Рудаміна Ксёндз Андрэй Рудаміна 

Успамін пра першага місіянера з ВКЛ у Індыі: пасланне Папы ў Гоа

Леў XIV накіраваў тэлеграму ўдзельнікам урачыстасцей у Гоа, прысвечаных 400-годдзю прыбыцця ў Індыю першага езуіта з Вялікага Княства Літоўскага, ксяндза Андрэя Рудаміны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэлеграма, падпісаная кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам, была накіравана арцыбіскупу Гоа і Дамау кардыналу Філіпэ Нэры Антоніа Себасцьяну Разарыа Фэрау з нагоды ўрачыстасцей у мясцовай катэдры.

У сваім пасланні Пантыфік далучаецца да ўдзячнасці Усемагутнаму Богу за сведчанне гэтага святара-місіянера, "чыя цвёрдая каталіцкая вера бачная і сёння ў Літве". Святы Айцец моліцца, каб святкаванне такой шчодрасці і адвагі ў нясенні збаўчага паслання Евангелля ўсім народам "заахвоціла многіх у наш час адказаць з такой жа цярплівасцю і разважлівасцю на задачу евангелізацыі".

Папа таксама выказвае спадзяванне на тое, што, будуючы на фундаменце місіянерскай руплівасці ксяндза Рудаміны і яго выключнай спадчыны дыялогу і культурнай інтэграцыі, хрысціяне гэтага мясцовага Касцёла "будуць заахвочаны, асабліва ў гэты Юбілейны год, застаючыся засяроджанымі на надзеі, спрыяць як экуменічнаму, так і міжрэлігійнаму дыялогу, які можа служыць усяму грамадству ў якасці мадэлі братэрскай гармоніі, прымірэння і згоды".

З гэтымі пачуццямі Святы Айцец ад сэрца ўдзяляе прысутным сваё апостальскае бласлаўленне, якое ахвотна распаўсюджвае таксама на іх сем'і, "як залог радасці і спакою ў нашым Пану Езусе Хрысце".

Андрэй Рудаміна (1596-1631) быў езуітам, місіянерам і навукоўцам з Вялікага Княства Літоўскага, які пасля адукацыі ў Вільні і Рыме адправіўся на місіі ў Кітай, а пазней у Індыю, дзе і памёр. Ён стаў першым прадстаўніком свайго народа, які дасягнуў гэтых далёкіх зямель з мэтай евангелізацыі.
 

25 жніўня 2025, 16:19