Святы Айцец падтрымаў права народа чагас на вяртанне дадому
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёння, 23 жніўня 2025 года, Папа прыняў дэлегацыю асацыяцыі "Chagos Refugees Group", якая на працягу многіх гадоў змагаецца за вяртанне народа чагас на свае астравы. Святы Айцец падкрэсліў, што ён поўнасцю падтрымлівае курс свайго папярэдніка Папы Францішка, які сустракаўся з імі ў чэрвені 2023 года.
Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас
"Цешуся, што ваша справа дасягнула важнага поспеху, бо вяртанне астравоў Чагас Рэспубліцы Маўрыкій было нядаўна замацавана падпісаннем дамовы", - адзначыў Папа. "Гэта значны крок да вашага вяртання дадому. Падзяляю вашу радасць і вашыя надзеі. Разам дзякуем Богу, паўтараючы прыгожыя словы псальма: 'Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас, напоўніў нас радасцю! Хто сее ў слязах, будзе жаць у радасці'".
Пантыфік падзякаваў усім зацікаўленым бакам, якія "адкрыўшы сваё сэрца, зразумелі пакуты народа і прыйшлі да гэтага пагаднення". Ён выказаў задавальненне, што дыялог і павага да рашэнняў міжнароднага права "нарэшце змаглі выправіць сур'ёзную несправядлівасць".
Знак для ўсяго свету
"Аднаўленне перспектывы вашага вяртання на родны архіпелаг – гэта падбадзёрваючы знак, які мае сімвалічную сілу на міжнароднай арэне, - падкрэсліў Леў XIV. - Усе народы, нават самыя малыя і слабыя, павінны паважацца моцнымі ў сваёй ідэнтычнасці і сваіх правах, асабліва ў праве жыць на сваіх землях; і ніхто не можа схіляць іх да вымушанага выгнання".
Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што ўлады Маўрыкія і міжнародная супольнасць зробяць усё магчымае, каб вяртанне народа чагас, пасля 60 гадоў выгнання, адбылося ў найлепшых магчымых умовах.
Глядзець рашуча ў будучыню
"Гэтыя гады выгнання выклікалі шмат пакут сярод вас. Вы зазналі беднасць, пагарду і выключэнне, - адзначыў Папа. - Няхай Пан у перспектыве лепшай будучыні загоіць вашыя раны і дасць вам ласку прабачэння тым, хто прычыніў вам зло. Заахвочваю вас рашуча глядзець у будучыню".
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV заклікаў заступніцтва Дзевы Марыі для народа чагас і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне ўсім прысутным і іх сем'ям.