Святы Айцец на Юбілеі моладзі: слухайце сэрца і шукайце Езуса
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У гаміліі Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат сустрэць Хрыста, бо толькі Ён па-сапраўднаму змяняе жыццё, прасвятляе пачуцці, жаданні і думкі, а таксама можа задаволіць жаданне вялікага, якое кожны чалавек носіць у сваім сэрцы.
“Перад гэтым жаданнем не падманвайце сваё сэрца, не спрабуйце заглушыць яго бескарыснымі заменнікамі! Лепш паслухайце яго!”, - заклікаў Святы Айцец, адзначыўшы: адкрыць сэрца Езусу, дазволіць Яму ўвайсці і разам з Ім рушыць у дарогу да вечнасці, нават ва ўзросце дваццаці гадоў – гэта цудоўна.
Леў XIV заахвоціў моладзь не ігнараваць важныя пытанні свайго сэрца: што такое шчасце і сапраўдны сэнс жыцця? Што вызваляе нас з багны бессэнсоўнасці, нуды і пасрэднасці?
“У апошнія дні вы перажылі шмат прыгожага: сустрэліся з аднагодкамі з розных частак свету і культур, дзяліліся ведамі, чаканнямі, вялі дыялог з горадам праз мастацтва, музыку, інфарматыку, спорт. У Вялікім цырку, прыступіўшы да сакрамэнту пакаяння, вы атрымалі прабачэнне ад Бога і папрасілі Яго дапамогі на шляху да добрага жыцця”, - нагадаў Папа.
“Усё гэта дае нам важны адказ: паўната жыцця не залежыць ад таго, што мы назапашваем, як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі. Яна – не ў тым, што мы маем, а ў тым, што з радасцю ўмеем прыняць і чым можам падзяліцца. Купляць, назапашваць, спажываць – гэтага недастаткова. Нам трэба ўзняць вочы, глядзець угору, на “тое, што ў вышынях”, каб зразумець: усё набывае сэнс толькі тады, калі служыць нашаму яднанню з Богам і братамі ў любові, калі ў нас расце “міласэрнасць, лагоднасць, пакора, далікатнасць, доўгацярплівасць”, уменне дараваць, імкненне да супакою, як у Хрыста. У гэтым святле мы лепш зразумеем, што “надзея не асароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў: Езус – наша надзея і менавіта Ён абуджае жаданне зрабіць жыццё вялікім, змяніць сябе і грамадства, зрабіць яго больш чалавечным і братэрскім.
“Заставайцеся з’яднанымі з Ім, заставайцеся ў Яго сяброўстве – заўсёды, падтрымліваючы яго малітвай, адарацыяй, Эўхарыстыяй, частай споведдзю, шчодрымі ўчынкамі міласэрнасці, як навучылі нас благаслаўлёныя П’ер Джорджыа Фрасаці і Карла Акуціс, якія хутка будуць абвешчаныя святымі. Імкніцеся да вялікага, да святасці, дзе б вы ні былі. Не задавольвайцеся нечым меншым. Тады вы ўбачыце, як кожны дзень у вас і вакол вас будзе расці святло Евангелля”, - запэўніў Леў XIV, заклікаўшы юнакоў і дзяўчат натхняць іншых людзей сваім энтузіязмам і сведчаннем веры.