MAP

Леў XIV падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў Леў XIV падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў   (@Vatican Media)

"Палітыка надзеі": Папа да каталіцкіх заканадаўцаў свету

Леў XIV заклікаў каталіцкіх заканадаўцаў працаваць на карысць свету, дзе ўлада кіруецца сумленнем, а закон служыць чалавечай годнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 23 жніўня 2025 года, Папа сустрэўся з удзельнікамі 16-й штогадовай сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў (International Catholic Legislators Network), якая адбываецца ў рамках Юбілейнага Года Надзеі.

Будаўнічыя мастоў паміж Горадам Чалавечым і Горадам Божым

У сваім выступленні Святы Айцец звярнуўся да тэмы сустрэчы: "Новы сусветны парадак: палітыка вялікіх дзяржаў, панаванне карпарацый і будучыня чалавечага росквіту". Папа адзначыў, што ў гэтых словах адчуваецца як занепакоенасць, так і імкненне да сапраўднага чалавечага росквіту.

Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў "International Catholic Legislators Network"
Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў "International Catholic Legislators Network"   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да постаці святога Аўгустына, Леў XIV нагадаў пра яго канцэпцыю двух "градоў" – Горада Чалавечага і Горада Божага. "Горад Чалавечы, пабудаваны на ганарыстасці і любові да сябе, характарызуецца імкненнем да ўлады, прэстыжу і задавальнення; Горад Божы, пабудаваны на любові да Бога да самазабыцця, характарызуецца справядлівасцю, міласэрнасцю і пакорай", - патлумачыў Пантыфік.

"У вашым пакліканні каталіцкіх заканадаўцаў і дзяржаўных служачых вы пакліканы быць будаўнічымі мастоў паміж Горадам Чалавечым і Горадам Божым", - падкрэсліў ён.

"Палітыка надзеі" для сапраўднага росквіту чалавека

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў сустрэчы працаваць на карысць свету, "дзе ўлада стрымліваецца сумленнем, а закон знаходзіцца на службе чалавечай годнасці", і заахвоціў адмовіцца ад небяспечнага мыслення, якое сцвярджае, што нічога ніколі не можа змяніцца.

Падчас агульнага фота з прадстаўнікамі "International Catholic Legislators Network"
Падчас агульнага фота з прадстаўнікамі "International Catholic Legislators Network"   (@Vatican Media)

Папа адзначыў, што сапраўдны чалавечы росквіт вынікае з інтэгральнага чалавечага развіцця, ці поўнага развіцця асобы ва ўсіх вымярэннях: фізічным, грамадскім, культурным, маральным і духоўным. "Гэта канцэпцыя чалавека ўкаранёна ў натуральным законе, маральным парадку, які Бог запісаў у чалавечым сэрцы і глыбокія ісціны якога асветлены Евангеллем Хрыста", – сказаў ён.

"Выклікі велізарныя, але Божая ласка, якая дзейнічае ў чалавечых сэрцах, яшчэ мацнейшая", - падкрэсліў Леў XIV, дадаўшы, што нам патрэбна не толькі "дыпламатыя надзеі", але таксама "палітыка надзеі" і "эканоміка надзеі", замацаваныя ў перакананні, што ўжо зараз, праз ласку Хрыста, мы можам адлюстроўваць Яго святло ў зямным Горадзе.
 

23 жніўня 2025, 12:07