Папа заклікаў да міру ва Украіне ў дзень нацыянальнага свята
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у краіне, што працягвае пакутаваць ад ваенных дзеянняў. Ён звярнуўся да ўкраінскага народа ў дзень нацыянальнага свята з асаблівымі словамі падтрымкі.
Малюся за спыненне канфлікту і ўсталяванне справядлівага міру
"З сэрцам, параненым гвалтам, які спусташае вашу зямлю, звяртаюся да вас у дзень вашага нацыянальнага свята. Жадаю запэўніць вас у маёй малітве за ўкраінскі народ, які пакутуе ад вайны – асабліва за тых, хто быў паранены фізічна, за асірацелых пасля страты блізкіх, а таксама за тых, хто быў пазбаўлены сваіх дамоў", - напісаў Святы Айцец у пасланні да прэзідэнта Украіны.
Пантыфік звярнуўся да Бога з просьбай суцешыць пакутуючых і дапамагчы знайсці шлях да міру. "Няхай сам Бог іх суцешыць; няхай умацуе параненых і адорыць вечным спачынам памерлых. Малю Пана, каб крануў сэрцы людзей добрай волі, каб сціх грукат зброі і саступіў месца дыялогу, адкрываючы шлях да міру дзеля дабра ўсіх. Даручаю ваш народ Найсвяцейшай Панне Марыі, Каралеве Супакою", - дадаў Святы Айцец.
Дзякуем за маральнае лідарства Папы ў падтрымцы Украіны
Уладзімір Зяленскі адрэагаваў 24 жніўня 2025 года ў сацыяльнай сетцы “X” на пасланне Льва XIV, выказаўшы шчырую падзяку за падтрымку.
"Я шчыра ўдзячны Яго Святасці за глыбокія словы, малітву і ўвагу, прысвечаную народу Украіны падчас знішчальнай вайны. Усе нашы надзеі і намаганні накіраваны на дасягненне нашым народам доўгачаканага міру. Каб дабро, праўда і справядлівасць перамаглі. Мы цэнім маральнае лідарства і апостальскую падтрымку", - напісаў Зяленскі.
Гэта не першы раз, калі Леў XIV выказвае сваю падтрымку Украіне. Пантыфік неаднаразова заклікаў міжнародную супольнасць да актыўных дзеянняў дзеля спынення канфлікту і аказання гуманітарнай дапамогі пацярпеламу насельніцтву.