MAP

Леў XIV з вернікамі ў Кастэль-Гандольфа перад ад'ездам у Ватыкан Леў XIV з вернікамі ў Кастэль-Гандольфа перад ад'ездам у Ватыкан  (@Vatican Media)

Леў XIV: пошук міру для Украіны патрабуе малітвы і працы

"Ёсць надзея, але трэба яшчэ шмат працаваць, шмат маліцца і сапраўды шукаць шлях, каб рухацца наперад, знайсці мір", - адзначыў Леў XIV, маючы на ўвазе перамовы па Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец адказаў на пытанні журналістаў 19 жніўня 2025 года ўвечары перад вяртаннем у Ватыкан з Кастэль-Гандольфа, дзе ён знаходзіўся з 13 жніўня 2025 года, праводзячы другі этап адпачынку. Леў XIV пакінуў Вілу Барберыні каля 21.00 і ахвотна паразмаўляў з журналістамі.

Мы павінны шукаць шлях да міру

Адносна перамоў пра заканчэнне канфлікту ва Украіне Папа падкрэсліў неабходнасць працягваць намаганні. "Молімся і шукаем, як рухацца наперад", - дадаў ён. На пытанне пра магчымыя размовы з палітычнымі лідарамі Пантыфік адзначыў, што "з некаторымі" ён кантактуе "пастаянна".

Напярэдадні адлёту Святы Айцец выйшаў, каб прывітаць вернікаў, якія сабраліся на вуліцы ў чаканні яго ад'езду. Калі ўжо сцямнела, ён пешшу прайшоў праз вароты Вілы Барберыні і спыніўся, каб паразмаўляць з імі.

Пра сваё знаходжанне ў Кастэль-Гандольфе, куды ён спадзяецца хутка вярнуцца, Леў XIV адзначыў: "Быць тут – гэта ласка, я вельмі задаволены прыёмам людзей". Ён таксама згадаў свой візіт "у санктуарый Маці Божай, дзе таксама быў святы Ян Павел II".

Першыя сто дзён – благаслаўленне Божае

На пытанне пра першыя сто дзён свайго пантыфікату Папа адказаў, што гэта быў "благаслаўлёны Богам" час. "Я атрымліваю шмат, моцна веру ў ласкі Пана і вельмі ўдзячны за гэты прыём, які я атрымаў, дзякую ўсім вам", - падкрэсліў ён перад тым, як сесці ў аўтамабіль, які адвёз яго ў Ватыкан.

Леў XIV прыбыў у Кастэль-Гандольфа для другога перыяду адпачынку 13 жніўня 2025 года, правёўшы там ужо больш за два тыдні ў ліпені. За гэтыя сем дзён ён правёў чатыры сустрэчы з вернікамі.
 

20 жніўня 2025, 10:04