Літургія як вогнішча веры: зварот Святога Айца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім пасланні, адрасаваным арцыбіскупу Клаўдыё Маньяга, Мітрапаліту Катандзара-Сквілачэ і Старшыні Цэнтра літургічных ініцыятыў, Святы Айцец выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто працуе над літургічным абнаўленнем у Італіі.
Літургія з'яўляецца месцам сустрэчы з Богам, які дзейнічае праз сакрамэнты
"75-ты Нацыянальны літургічны тыдзень, арганізаваны Цэнтрам Літургічнага Дзеяння ў супрацоўніцтве з Неапальскай архідыяцэзіяй, дае мне магчымасць выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто ў мясцовым Касцёле працуе над літургічным абнаўленнем Божага народа, пакліканага ў разнастайнасці задач і служэнняў праслаўляць Пана", - напісаў Леў XIV у пасланні ад 21 жніўня 2025 года.
Святы Айцец скіраваў сардэчнае прывітанне дакладчыкам і ўсім удзельнікам навуковых дзён, выказваючы спадзяванне, што яны будуць садзейнічаць больш актыўнаму ўдзелу вернікаў у літургічным жыцці Касцёла.
Пажаданне Папы – абудзіць новае ўсведамленне евангелізацыйнага характару цэлебрацый
"Няхай форум заахвоціць разважанне і выпрацуе душпастырскія аператыўныя напрамкі, каб вернікі зноў адкрылі касцёлы як месцы культу, дзе цэлебруецца вера, дзе адбываецца сустрэча з Панам, Які прысутнічае і дзейнічае ў сакрамэнтах, дзе перажываецца братэрская еднасць", - адзначыў Папа Леў XIV.
Гэтыя пажаданні Папа суправаджае малітоўнай падтрымкай і, жадаючы поспеху ў працы, удзяляе апостальскае благаслаўленне.
Нацыянальны літургічны тыдзень у Італіі з'яўляецца важнай падзеяй для літургічнага абнаўлення і душпастырскага развіцця Касцёла. Сёлетняя тэма "Ты наша надзея" заахвочвае разглядаць літургію як крыніцу хрысціянскай надзеі ў сучасным свеце, падкрэсліваючы яе ролю ў фарміраванні веры і супольнасці вернікаў.