Папа: кардынал Карліч быў верным і адданым Касцёлу пастырам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа глыбока засмучаны смерцю кардынала Карліча, арцыбіскупа-эмерыта Параны (Аргенціна), які адышоў да Бога 8 жніўня 2025 года ва ўзросце 99 гадоў. У спачувальнай тэлеграме ён назваў спачылага “шчодрым і бездакорным пастырам”, які ўсё жыццё з любоўю і адданасцю служыў Богу і Касцёлу.
Леў XIV адзначыў, што на працягу многіх гадоў кардынал Карліч нястомна “нёс святло Евангелля ў розныя сферы жыцця і культуры”. Ён прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і Касцёлу ў дыяцэзіях Параны і Кордавы, двойчы ўзначальваў Канферэнцыю Біскупаў Аргенціны і прымаў святога Папу Яна Паўла II падчас яго апостальскага падарожжа ў гэту краіну. Святы Айцец назваў удзел кардынала Карліча ў працы над Катэхізісам Каталіцкага Касцёла "шчодрым дарам" і падзякаваў Богу "за яго жыццё ў веры і яго глыбокую любоў да Касцёла".
Леў XIV выказаў спадзяванне на тое, што "Пан Езус падорыць яму неўвядальны вянок славы" і заклікаў памаліцца аб вечным супакоі яго душы. Даручаючы душу кардынала Карліча заступніцтву Маці Божай Ружанцовай, Пантыфік удзяліў усёй супольнасці дыяцэзіі Параны сваё апостальскае благаслаўленне як знак хрысціянскай надзеі на Уваскрослага Пана.