MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа: хрысціяне пакліканы быць майстрамі прымірэння ў свеце

"Тое, што нас аб’ядноўвае, значна большае за тое, што нас раздзяляе", - падкрэсліў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Экуменічнага тыдня 2025 года, які з 18 па 24 жніўня 2025 года праходзіць у Стакгольме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Міжхрысціянскі форум у сталіцы Швецыі прымеркаваны да 100-годдзя Сусветнай канферэнцыі Цэркваў па пытаннях практычнага хрысціянства і 1700-годдзя Нікейскага Сабору.

Пантыфік нагадаў, што ў 325 годзе біскупы з усяго вядомага тады свету сабраліся ў Нікеі, дзе, пацвярджаючы боскасць Хрыста, сфармулявалі Сімвал веры, які і сёння працягвае аб’ядноўваць хрысціянаў.

“Гэты Сабор стаў мужным знакам адзінства пасярод адрозненняў – раннім сведчаннем перакананасці ў тым, што наша супольнае вызнанне здольнае перамагчы падзелы і спрыяць адзінству”, - напісаў ён.

Папа заўважыў, што падобнае імкненне натхняла ўдзельнікаў Стакгольмскай канферэнцыі 1925 года, скліканай піянерам ранняга экуменічнага руху, лютэранскім архіепіскапам Натанам Сёдэрбломам.

“Хоць Каталіцкі Касцёл не быў прадстаўлены на той першай сустрэчы, сёння я з пакорай і радасцю магу пацвердзіць, што мы побач з вамі як вучні Хрыста і ўсведамляем: тое, што нас аб’ядноўвае, значна большае за тое, што нас раздзяляе”, - падкрэсліў Пантыфік.

Леў XIV нагадаў, што Касцёл цалкам прыняў экуменічны шлях на Другім Ватыканскім Саборы, які “заклікаў нас да дыялогу ў пакорным і любячым братэрстве, заснаваным на нашым агульным хросце і супольнай місіі ў свеце”.

“Мы верым, што адзінства, якога Хрыстус жадае для свайго Касцёла, павінна быць бачным і што яно ўмацоўваецца праз тэалагічны дыялог, супольную малітву, дзе гэта магчыма, і супольнае сведчанне перад абліччам чалавечых пакут”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў таксама, што “наш свет носіць на сабе глыбокія раны канфліктаў, няроўнасці, пагаршэння стану навакольнага асяроддзя і росту пачуцця духоўнай адчужанасці”.

Святы Айцец падкрэсліў, што мір – гэта не толькі чалавечае дасягненне, але і “знак прысутнасці Хрыста паміж намі”, заклікаўшы хрысціян быць “майстрамі прымірэння: супрацьстаяць падзелам з адвагай, абыякавасці – з спачуваннем і несці аздараўленне туды, дзе былі пакуты”.

Пантыфік запэўніў у прыхільнасці Каталіцкага Касцёла шляху супольнай малітвы і працы дзеля міру, справядлівасці і агульнага дабра. “Няхай Святы Дух, які натхніў Нікейскі Сабор і працягвае весці ўсіх нас, паглыбіць ваша братэрства ў гэты тыдзень і распаліць новую надзею на адзінства, якога Пан горача жадае паміж сваімі вучнямі”, - пажадаў Леў XIV.
 

22 жніўня 2025, 13:00