Папа заклікаў міністрантаў адкрыцца на пакліканне да святарства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 жніўня 2025 года ў Ватыкане Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі агульнанацыянальнай пілігрымкі міністрантаў з Францыі. Пантыфік нагадаў маладым людзям пра асаблівы характар Юбілейнага года, прысвечанага надзеі, які дае "выключную магчымасць звярнуцца да Езуса, узрастаць у веры і ў Яго любові".
Ніколі не забывайцеся ставіць Езуса ў цэнтр жыцця
"Надзея – гэта тэма гэтага Святога года. Магчыма, вы адчуваеце, наколькі мы маем патрэбу надзеі ў свеце, які сутыкаецца з усё больш сур'ёзнымі выклікамі, - падкрэсліў Папа. “Толькі Езус прыходзіць, каб выратаваць нас. Ніколі не забывайцеся пра гэтыя словы, запішыце іх у сваіх сэрцах і пастаўце Езуса ў цэнтр свайго жыцця", - дадаў ён.
Святы Айцец нагадаў, што найвялікшым доказам Божай любові з'яўляецца смерць Хрыста на крыжы: "Бог, стваральнік неба і зямлі, захацеў пакутаваць і памерці за нас, стварэнняў. Бог палюбіў нас настолькі, што аддаў за нас сваё жыццё!
Эўхарыстыя – найважнейшая падзея ў жыцці хрысціяніна
"Эўхарыстыя – гэта скарб Касцёла, скарб скарбаў", - падкрэсліў Пантыфік. - Цэлебрацыя Імшы дае збаўленне нам сёння! Гэта найважнейшая падзея ў жыцці хрысціяніна, таму што гэта сустрэча, у якой Бог аддае Сябе нам з любові, зноў і зноў".
Папа заахвоціў міністрантаў служыць з годнасцю: "Калі вы набліжаецеся да алтара, заўсёды памятайце пра веліч і святасць таго, што цэлебруецца. Імша – гэта момант свята і радасці, але таксама сур'ёзны, урачысты момант. Няхай вашы паводзіны, ваша маўчанне, годнасць вашага служэння ўводзяць вернікаў у святую веліч Таямніцы".
Недахоп святароў – вялікае няшчасце для Францыі
У канцы сваёй прамовы Святы Айцец закрануў тэму святарскіх пакліканняў: "Звяртаюся да вашага сумлення, да сумлення маладых, поўных энтузіязму і шчодрых людзей, і скажу вам рэч, якую вы павінны пачуць, нават калі гэта можа трохі непакоіць вас: недахоп святароў у Францыі – гэта вялікае няшчасце! Няшчасце для Касцёла, няшчасце для вашай краіны!"
"Наколькі ж цудоўнае жыццё ў святара, які ў цэнтры кожнага дня сустракае Езуса і дорыць Яго свету!" - падкрэсліў Папа, заахвочваючы міністрантаў быць адкрытымі на магчымае пакліканне да святарства.