“Сустрэнемся ў Сеуле!”: Папа запрасіў моладзь на СДМ-2027 у Карэі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 3 жніўня 2025 года на полі Тор-Вергата ў Рыме, Пантыфік нагадаў, што “пасля завяршэння гэтага Юбілею “пілігрымка надзеі” моладзі працягнецца і прывядзе нас у Азію”.
“Я паўтараю запрашэнне, якое Папа Францішак скіраваў у Лісабоне два гады таму: няхай моладзь з усяго свету сустрэнецца з Наступнікам Пятра, каб адзначыць Сусветныя дні моладзі ў Сеуле, у Карэі, з 3 па 8 жніўня 2027 года”, - сказаў Святы Айцец.
Леў XIV абвясціў, што тэмай бліжэйшых СДМ стануць словы Езуса з Евангелля паводле святога Яна: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16,33). “І менавіта надзея, якая жыве ў нашых сэрцах, дае нам сілу абвяшчаць перамогу Уваскрослага Хрыста над злом і смерцю; а вы, маладыя пілігрымы надзеі, будзеце сведкамі гэтага да самых краёў зямлі. Сустрэнемся ў Сеуле: працягнем разам марыць, разам мець надзею!”, - заахвоціў Пантыфік.
Папа заўважыў, што “ў еднасці з Хрыстом, які ёсць нашым спакоем і надзеяй для свету, мы бліжэй, чым калі-небудзь, да тых маладых, хто церпіць ад найгоршага зла, учыненага іншымі людзьмі”. У гэтым кантэксце ён згадаў моладзь Газы, Украіны і “ўсіх земляў, залітых крывёй з-за вайны”.
“Мае маладыя браты і сёстры, вы – знак таго, што іншы свет магчымы: свет братэрства, у якім канфлікты вырашаюцца не зброяй, а праз дыялог”, - адзначыў Пантыфік. Ён запэўніў, што з Езусам гэта магчыма “дзякуючы Яго любові, прабачэнню і сіле Духа Святога”.
“Мае дарагія сябры, з’яднаныя з Езусам, як галінкі з вінаграднай лазаю, вы прынясеце багаты плён. Вы будзеце соллю зямлі і святлом свету. Вы будзеце зернем надзеі там, дзе жывяце: у сям’і, сярод сяброў, у школе, на працы, у спорце. Зернем надзеі з Хрыстом, нашай надзеяй”, - сказаў Леў XIV напрыканцы Юбілею моладзі, які назваў “быццам вадаспадам ласкаў для Касцёла і для ўсяго свету”.